БЕЛ Ł РУС

«Вінаваты больш за ўсіх». Доктар, які пастаўляў кетамін акцёру Мэцью Пэры, атрымаў 2,5 гады турмы

4.12.2025 / 8:21

Nashaniva.com

Акцёр памёр ад перадазіроўкі гэтым наркотыкам у кастрычніку 2023 года.

Мэцью Пэры. Фота: Phillip Faraone / Getty Images

Амерыканскі суд прысудзіў да 2,5 гадоў турэмнага зняволення каліфарнійскага доктара, які пастаўляў кетамін зорцы тэлесерыяла «Сябры» Мэцью Пэры. Акцёр памёр ад перадазіроўкі гэтым наркотыкам у кастрычніку 2023 года, піша Бі-бі-сі.

Доктар Сальвадор Пласенсія стаў першым абвінавачаным, які атрымаў тэрмін за забеспячэнне Пэры кетамінам. Усяго па гэтай справе праходзяць пяць чалавек, у тым ліку яшчэ адзін доктар, асабісты памочнік акцёра і двое вінаватых у прадастаўленні акцёру дозы, якая стала прычынай яго смерці. Усе яны прызналі сваю віну і будуць асуджаныя ў найбліжэйшыя месяцы.

Пасля смерці Пэры федэральныя ўлады ЗША правялі маштабнае расследаванне, у ходзе якога ўстанавілі, што ён атрымліваў кетамін праз падпольную сетку па пастаўках наркотыкаў, якая працавала ў Галівудзе.

Пэры быў найбольш вядомы па ролі дасціпнага Чэндлера Бінга ў папулярным серыяле «Сябры». 54‑гадовы Пэры памёр ад перадазіроўкі, да гэтага ён на працягу многіх гадоў пакутаваў ад дэпрэсіі і залежнасці ад наркотыкаў.

Сям'я акцёра прасіла суддзю прысудзіць Пласенсію да доўгага тэрміну, заявіўшы, што ён «вінаваты больш за ўсіх» іншых абвінавачаных.

Маці Пэры Сьюзан Морысан расказвала ў судзе пра тэкставыя паведамленні Пласенсіі, у якіх той называў акцёра «ід**там» і разважаў пра тое, колькі ён гатовы заплаціць за наркотыкі. «У гэтым чалавеку не было нічога ідыёцкага», — сказала яна Пласенсію падчас пасяджэння суда.

«Апраўданняў быць не можа». У чым менавіта абвінавачваюць доктара

У адказ доктар прынёс членам сям'і Пэры прабачэнні і раскаяўся ў сваіх дзеяннях. У гэты момант на адным з сядзенняў ззаду плакала яго ўласная маці.

Пласенсія сказаў, што ў яго ёсць двухгадовы сын. «Я хачу яго вырасціць. І думаю, як яму ўсё гэта растлумачыць, — сказаў доктар. — Я сам сябе падвёў. Апраўданняў быць не можа. Вярнуць назад тое, што зроблена, немагчыма. Я гэта ведаю. Я павінен быў яго абараніць, як сказала яго маці. Прабачце мяне»

Па абвінавачваннях, выстаўленых Пласенсію, яму пагражаў тэрмін да 40 гадоў, аднак пракуроры прасілі прысудзіць яго да трох гадоў зняволення.

У сваім лісце аб прызнанні віны Плесенсія тлумачыў, што яго клініка адчувала фінансавыя цяжкасці, і хоць ён бачыў прыкметы залежнасці Пэры ад наркотыкаў, прапанова «вялікіх сум грошай аказалася прывабнай».

Кетамін — дысацыятыўны анестэтык, які, па дадзеных Упраўлення па барацьбе з наркотыкамі ЗША, валодае галюцынагеннымі эфектамі. Ён можа скажаць глядзельнае і слыхавое ўспрыманне і выклікае ў спажыўца пачуццё адхіленасці і страты кантролю.

Ён выкарыстоўваецца ў якасці ін'екцыйнага анестэтыка для людзей і жывёл, паколькі дазваляе пацыентам не адчуваць боль і адхіліцца ад рэчаіснасці.

Па словах следчых, гэта рэчыва павінна ўводзіцца толькі доктарам, а пацыенты, якія прымалі прэпарат, павінны знаходзіцца пад наглядам спецыяліста з-за магчымых наступстваў для здароўя.

Пэры легальна прымаў кетамін па рэцэпце доктара, але спрабаваў атрымаць з розных крыніц большыя дозы, чым яму выпісвалі.

У ліку абвінавачаных — некалькі дактароў і Джасвін Санга, якую пракуроры назвалі «кетамінавай каралевай» — яна пастаўляла вялікія аб'ёмы кетаміну Пэры і іншым людзям.

Па дадзеных пракуратуры, Пласенсія (які таксама быў вядомы як «доктар П.») рабіў Пэры ін'екцыі кетаміну ў яго дома, а таксама на стаянцы акварыума, размешчанага прыкладна за 30 км ад Лос-Анджэлеса.

Пласенсія таксама навучыў памочніка Пэры Кенэта Івамасу, як рабіць уколы кетамінам, і прадаваў яму дадатковыя дозы наркотыку. Як кажуць пракуроры, толькі з 30 верасня па 12 кастрычніка 2023 года ён прадаў акцёру 20 ампул з кетамінам па 100 міліграмаў кожная, а таксама кетамінавыя таблеткі і шпрыцы.

У абвінаваўчым заключэнні сказана, што Пласенсія і іншыя абвінавачаныя «скарысталіся залежнасцю Пэры для асабістага ўзбагачэння».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула