Самая вялікая беларускамоўная гімназія ў Мінску адзначыла 35‑гадовы юбілей
Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае 35‑гадоваму юбілею Мінскай гімназіі № 4, адбылося 3 снежня, пішуць «Мінск-Навіны».
Падзея сабрала настаўнікаў, ветэранаў педагагічнай працы, сёлетніх вучняў і іх бацькоў, а таксама выпускнікоў розных гадоў і ганаровых гасцей.
— Я, як кіраўнік, паставіў задачу, каб гэтае свята не проста адсвяткавалі як дзень нараджэння, а каб кожны чалавек, які працуе, вучыцца і звязаны з нашай гімназіяй, даведаўся, яшчэ раз успомніў яе гісторыю, — распавёў дырэктар гімназіі Андрэй Гоцман. — Ну і, вядома, самая галоўная задача — гэта падзяліцца тымі дасягненнямі, што мы маем на сённяшні дзень.
У 2024 годзе гімназія №4 атрымала званне «Лідар сталічнай адукацыі». Навучанне тут праводзіцца на беларускай мове.
— На сённяшні дзень у нас самая вялікая беларускамоўная гімназія ў горадзе. У нас навучаецца 945 чалавек, — адзначыў Гоцман. — З 47 выпускнікоў гэтага года 10 чалавек атрымалі залаты медаль і адзін — сярэбраны. З гэтага года ўвялі вывучэнне кітайскай мовы. Таксама адкрыты інжынерныя класы.
У гімназіі ёсць эстэтычны напрамак. У другой палове дня юнакі займаюцца па класах баяна, скрыпкі, акардэона, цымбалаў і інш. Працуе ўзорны харэаграфічны ансамбль «Дзенніца», які з'яўляецца лаўрэатам розных конкурсаў.
Павіншаваў калектыў гімназіі старшыня Мінгарсавета Арцём Цуран.
— Ваша гімназія — адзін з флагманаў і захавальнікаў традыцый беларускай мовы, беларускіх традыцый. Хачу сказаць дзякуй нашым паважаным педагогам, паважаным ветэранам галіны, дзякуючы намаганням якіх у нас у краіне выбудавалася свая суверэнная сістэма адукацыі. І ўжо трэці дзясятак гадоў мы выхоўваем і вучым усё новыя і новыя пакаленні нашай краіны. А яшчэ ёсць нагода сказаць словы падзякі ўсім педагогам установы адукацыі за той дух, за тыя традыцыі, якія захоўваюцца ў гімназіі на працягу ўжо 35 гадоў, — сказаў Цуран.
На свяце ўшаноўвалі тых, хто прысвяціў сваё жыццё выхаванню падрастаючага пакалення. Многія педагогі былі адзначаны ганаровымі граматамі.