У якім горадзе Еўрасаюза на першым месцы беларускі бізнэс?
Гэты даволі буйны горад у Еўрасаюзе з'яўляецца адзіным, у якім найбуйнейшае прамысловае прадпрыемства створанае і функцыянуе пад кіраваннем беларускіх інвестараў. Гаворка пра другі па насельніцтве горад Латвіі Даўгаўпілс, піша thinktanks.pro.
Фота: yukongroup.eu
Другі год запар першае месца паводле аб'ёмаў выручкі ў Даўгаўпілсе займае вытворца прыцэлаў і іх кампанентаў, кампанія з беларускімі ўладальнікамі Pulsar Optics.
Зарэгістраваў кампанію ў 2020 годзе і пачынаў будаваць завод былы ўладальнік холдынгу Yukon Advanced Optics Worldwide, цяпер ужо нябожчык Аляксандр Альшэўскі. Цяпер Pulsar Optics валодаюць яго спадкаемцы — удава Алена Альшэўская і дочкі.
Завод у Даўгаўпілсе разглядаўся ў якасці дадатковай вытворчай пляцоўкі на тэрыторыі Еўрасаюза да магутнасцяў, якія тады дзейнічалі ў беларускай Лідзе, расійскім Смаленску і ў Кітаі. Але ў 2022‑2023 гадах Альшэўскія закрылі завод у Смаленску, спынілі вытворчасць у Лідзе (на яго працягваецца пошук пакупніка), і Pulsar Optics стаў галоўным вытворчым цэнтрам холдынгу.
Ужо па выніках 2021 года Кампанія Pulsar Optics увайшла ў топ-9 найбуйнейшых бізнэсаў Даўгаўпілса, зарабіўшы звыш 21,5 мільёнаў еўра. У 2022 годзе аб'ём выпуску на заводзе вырас у 2,4 разы, склаўшы 52,6 мільёна еўра. Pulsar Optics па выніках таго года быў 5‑м паводле памеру бізнэсам у Даўгаўпілсе.
У 2023 годзе кампанія Альшэўскіх прырасла яшчэ на 37% (да 72 мільёнаў еўра) і ўпершыню ўзначаліла спіс найбуйнейшых кампаній другога паводле велічыні горада Латвіі. Па выніках 2024 года Pulsar Optics ўтрымала першае месца, дадаўшы яшчэ 14% і дасягнуўшы аб'ёму вытворчасці і продажаў 82 мільёны еўра.
Кампанія Альшэўскіх зноў апярэдзіла іншыя буйныя бізнэсы Даўгаўпілса — Latvijas Maiznieks (вытворчасць хлеба), Intergaz (імпарцёр звадкаванага газу), Daugavpils reģionālā slimnīca (дзяржаўная паліклініка, найбуйнейшая ў Латгаліі) і Euro Energo Company (газатрэйдар).
За мінулы год колькасць супрацоўнікаў на заводзе Pulsar Optics вырасла з 259 да 334 чалавек. Паводле гэтага паказчыку ён уваходзіць у дзясятку найбуйнейшых камерцыйных працадаўцаў Даўгаўпілса.
Прыкметна вырасла і значэнне Pulsar Optics для ўсёй латвійскай эканомікі. У 2022 годзе кампанія ўпершыню была ўключаная ў топ-501 найбуйнейшых кампаній гэтай краіны. Тады яна была 220-й. У 2023 годзе ў гэтым жа рэйтынгу Pulsar Optics паднялася на 144‑е месца, а ў мінулым была ўжо 109-й.
Дарэчы, акрамя бізнэсу Альшэўскіх у топ-501 па выніках 2024 года ўвайшлі яшчэ дзве кампаніі з беларускімі каранямі. Гэта прадавец камп'ютарнай тэхнікі ASBIS Baltics ( 276‑е месца) і фармдыстрыб'ютар LV System Service (293-е).
Чытайце таксама:
Тры кампаніі з беларускім капіталам увайшлі ў топ-20 найбуйнейшых бізнэсаў Даўгаўпілса
Беларускі бізнэсмен аднаўляе гістарычны палац Любамірскіх у Беластоку. Там будзе гатэль і рэстаран