Гістарычную капліцу аднаўляюць у Стоўбцах. Якой яна будзе, «залежыць ад фінансавання»
Каталіцкая парафія ў Стоўбцах аднаўляе гістарычную капліцу, якая знаходзілася пры разбураным савецкай уладай касцёле святога Казіміра. У 1958 годзе быў знішчаны ўвесь комплекс разам з капліцай святога Дамініка, але ў 2023 годзе парафія атрымала ў карыстанне зямельны ўчастак, дзе знаходзіўся гістарычны храм, піша Katolik.life.
Фота: facebook.com/igor.lachouk
На гэтым месцы ладзілі раскопкі і знайшлі склепы касцёла і парэшткі Слугі Божага Фабіяна Малішоўскага, якога называюць «цудатворцам Стаўбцоўскім».
У гістарычным месцы ўжо аднавілі браму-званіцу, а цяпер адбудоўваюць капліцу, у склепах якой знаходзілася да Другой сусветнай вайны труна Малішоўскага. Тут жа, верагодна, зноў размесцяць яго парэшткі.
Таксама ў планах — аднавіць склепы касцёла, дзе знаходзяцца пахаванні фундатараў і манахаў-дамініканцаў.
Парафія паказала магчымы праект копіі капліцы і ўсяго комплексу. Ці стане капліца прыгажэйшай за арыгінал — «залежыць ад фінансавання», адзначыў пробашч парафіі ксёндз Ігар Лашук.
Фота: facebook.com/igor.lachouk
Раней Ігар Лашук прызнаваў, што цесна супрацоўнічае з праўладным бізнэсоўцам Аляксандрам Зайцавым, які ахвяраваў грошы на будаўніцтва новага касцёла святога Казіміра. Ксёндз нават запісаў на сваё імя адну з кампаній, звязаных з Зайцавым, каб дапамагчы яму такім чынам абыходзіць накладзеныя заходнімі краінамі санкцыі.
Верагодна, ён жа фінансуе і праект па аднаўленні капліцы.
Чытайце таксама:
У Стоўбцах раскапалі падмуркі касцёла, знішчанага саветамі. Плануюць аднавіць
«Д'ябал абвінавачвае». Ксёндз Лашук працягвае служыць і выказаўся пра скандал вакол сябе
Ксяндза Лашука абвінавацілі ў тым, што ён мае дзяцей. Касцёл пачаў разбіральніцтва
Абыходзіць санкцыі «кашальку Лукашэнкі» Зайцаву дапамагае стаўбцоўскі ксёндз Лашук — БРЦ