Зяленскі: Перамовы з ЗША пакуль не прывялі да пагаднення аб Данбасе
Прэзідэнт Украіны заявіў, што ўдзельнікі перамоў, якія абмяркоўваюць ініцыятыву ЗША, па-ранейшаму разыходзяцца ў меркаваннях наконт тэрытарыяльнага пытання, піша Bloomberg са спасылкай на тэлефоннае інтэрв’ю Зяленскага.
Фота: Ebrahim Noroozi / AP
Ягоная заява прагучала пасля таго, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выказаў расчараванне пазіцыяй Кіева наконт плана спынення вайны ва Украіне.
Элементы плана ЗША патрабуюць далейшага абмеркавання шэрагу «далікатных пытанняў», уключна з гарантыямі бяспекі для краіны, пацярпелай ад вайны, і кантролем над усходнімі рэгіёнамі, сказаў Зяленскі ў інтэрв’ю.
Паводле ягоных слоў, перамовы пакуль не прывялі да пагаднення аб Данбасе — Данецкая вобласць і Луганская вобласць.
Трамп заявіў, што Зяленскі нібыта не прачытаў амерыканскі план спынення вайны. «Мы размаўлялі з прэзідэнтам Пуціным і з украінскімі лідарамі, у тым ліку з прэзідэнтам Зяленскім, і мушу сказаць, што я быў крыху расчараваны, што прэзідэнт Зяленскі яшчэ не прачытаў прапанову — гэта было пару гадзін таму», — сказаў прэзідэнт ЗША.