Адкрытая перадзамова на дзіцячую навінку пра Каляды
Выдавецтва Gutenberg Publisher анансавала выхад новай кнігі для дзяцей ад пісьменніцы Наталкі Харытанюк і мастачкі Волі Кузьміч.
Гэтым разам гісторыя з назвай «Каляды 1992» пачынаецца з таго, як чацвёра беларускіх дзетак знойдуць на гарышчы фотаздымкі калядоўшчыкаў, піша bellit.info.
Героі новай кнігі вядомыя чытачам з «Казак Старога Адамкова», папярэдняй працы творчага дуэта. «Новая гісторыя нібы вяртае нас да ўлюбёных герояў, але ўсе заўважна пасталелі: і дзеткі, і аўтарка, і чытачы. Выйшаў настраёвы аўтафікшн для дзяцей і дарослых, пра цуд і пра забаву, якая і сама робіць свет лепшым», — расказваюць пра кнігу ў выдавецтве.
Ужо цяпер кнігу можна папярэдне замовіць на сайце Gutenbergpublisher.eu. Навінка можа стаць добрым падарункам на Каляды для дзяцей ад 6 гадоў і дзяцей 80-х.
А 14 снежня а 14:30 падчас святкавання Калядаў у Музеі Падгужа ў Кракаве адбудзецца прэзентацыя «Калядаў 1992» і ўсіх новых кніг выдавецтва Gutenberg.