У Польшчы затрыманы вядомы расійскі навуковец з Эрмітажа па запыце Украіны
Расійскага навукоўца ва Украіне вінавацяць у незаконных археалагічных раскопках у Крыме, што прывяло да знішчэння культурнай спадчыны.
У Польшчы затрыманы вядомы расійскі навуковец, супрацоўнік Дзяржаўнага Эрмітажа Аляксандр Буцягін, які займае пасаду кіраўніка аддзела антычнай археалогіі.
Затрыманне праведзена Агенцтвам унутранай бяспекі (ABW) на запыт украінскіх уладаў.
Навуковец абвінавачваецца ў незаконных археалагічных раскопках у Крыме, што прывяло да знішчэння культурнай спадчыны. Са звестак украінскага следства, Буцягін з 2014 года, як кіраўнік аддзела старажытнай археалогіі Эрмітажа, кіраваў пошукавымі групамі ў акупаваным Расіяй Крыме. Ён і яго каманда праводзілі раскопкі ў старажытным гарадзішчы Мірмекій у Керчы.
Калаж: PAP
Расіянін знаходзіўся ў Польшчы праездам, дзе і быў арыштаваны на мінулым тыдні.
Акруговая пракуратура Варшавы пасля допыту прыняла пастанову хадайнічаць перад судом аб часовым арышце на 40 дзён.
Арышт патрэбны для рэалізацыі фармальнасцей, звязаных з патэнцыйнай экстрадыцыяй навукоўца ва Украіну.
Злачынства, у якім абвінавачваецца навуковец, прадугледжвае пакаранне ад года да 10 гадоў турмы.
Украінскія ўлады падкрэсліваюць, што дзеянні расіян на раскопках з'яўляюцца часткай сістэмнага рабавання культурнай спадчыны Крымскага паўвострава.