Літва не будзе прапускаць беларускі калій праз Клайпеду, нягледзячы на адмену санкцый ЗША
Забарону на транзіт беларускіх угнаенняў праз Клайпедскі дзяржаўны марскі порт адмяняць не плануецца. Пра гэта ў эфіры радыё LRT паведаміў міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс.
Нягледзячы на адмену абмежаванняў на пастаўкі беларускага калію, пра якую падчас візіту ў Беларусь паведаміў спецпасланнік ЗША па Беларусі Джон Коўл, Літва захавае забарону на яго ўвоз і транзіт.
«Санкцыі, уведзеныя супраць Беларусі Еўрапейскім саюзам, працягваюць дзейнічаць як у дачыненні да імпарту ўгнаенняў, так і ў дачыненні да заключэння дамоваў на транзіт. Мы іх прытрымліваемся», — заявіў Будрыс.
Ён таксама выказаў надзею, што такой пазіцыі будуць прытрымлівацца Латвія і Польшча ў пытанні імпарту беларускага калію праз свае парты.
Літва ўвяла забарону на перавозку беларускіх калійных угнаенняў з 1 лютага 2022 года. Да гэтага ў сярэднім за год па чыгунцы праз літоўскую тэрыторыю перавозілася каля 11 мільёнаў тон беларускага калію.
Чытайце таксама:
ЗША здымаюць санкцыі з беларускага калію
МЗС Літвы: Еўрасаюз нават не абмяркоўвае пытанне зняцця санкцый з Беларусі
Што азначае зняцце амерыканскіх санкцый для беларускага калію