БЕЛ Ł РУС

Алесь Бяляцкі сустрэўся з прэзідэнтам Літвы Наўседам

15.12.2025 / 16:18

Nashaniva.com

У панядзелак прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа сустрэўся з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Алесем Бяляцкім, які ў суботу выйшаў на волю. Удзел у сустрэчы брала і Святлана Ціханоўская.

Фота: lrp.lt

«Мы з вялікай палёгкай успрынялі вестку пра тое, што пасля многіх гадоў несправядлівага зняволення вы нарэшце на волі. Ваша стойкасць, маральная сіла і непахісная адданасць чалавечай годнасці — нават у самы цяжкі час — натхняюць нас усіх», — сказаў прэзідэнт Літвы.

Гітанас Наўседа адзначыў, што Літва заўсёды падтрымлівала і будзе працягваць падтрымліваць намаганні Злучаных Штатаў Амерыкі па вызваленні ўсіх беларускіх палітычных зняволеных.

«Разам мы паслядоўна падкрэсліваем, што беларускі рэжым павінен пакласці канец усім палітычным рэпрэсіям і не пачынаць новых, што ў Беларусі павінны адбыцца дэмакратычныя, свабодныя і справядлівыя выбары і што любая падтрымка рэжымам Лукашэнкі агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны павінна быць спыненая», — сказаў прэзідэнт Літвы.

Дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі расказаў «Нашай Ніве», што на сустрэчы ўдзельнікі размаўлялі і пра неабходнасць ціску на рэжым Лукашэнкі.

«І Ціханоўская, і Наўседа, і Бяляцкі сыходзяцца ў тым, што надзвычай важна не аслабляць міжнародны ціск на рэжым Лукашэнкі».

«Таксама Алесь Бяляцкі расказаў прэзідэнту Наўседзе, што, нават знаходзячыся ў турме, мог назіраць, як рэжым спрабуе дыскрэдытаваць Літву. У прыватнасці з наўмыснымі спробамі выставіць нашага суседа ў кепскім святле праз хлусню і правакацыі — у тым ліку ў кантэксце гібрыдных атак ад рэжыму: з шарамі і фактычным ўзяццем грузавікоў у закладнікі», — падзяліўся Кучынскі.

Ціханоўская асобна падзякавала прэзідэнту Літвы за салідарнасць і прынцыповасць Літвы і літоўскага народа. Таксама яна падзякавала прэзідэнту ЗША Дональду Трампу і спецпрадстаўніку ЗША па Беларусі Джону Коўлу за гуманітарныя высілкі, якія дапамаглі вызваліць Алеся Бяляцкага і выратаваць жыцці людзей.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула