Сям'я Асада жыве ў раскошы ў Маскве, а сам былы сірыйскі дыктатар збіраецца працаваць афтальмолагам
Пакуль Башар Асад спрабуе вярнуцца ў медыцыну, яго дзеці марнуюць вялікія сумы на раскошныя куплі ў расійскай сталіцы і Дубаі. З падрабязнасцямі знаёміць The Guardian.
Башар Асад з жонкай Асмай і дзецьмі ў Алепа. 2022 год. Фота: сацыяльныя сеткі Башара Асада
У 2011 годзе, на самым пачатку «арабскай вясны», сірыйскія школьнікі напісалі на сцяне графіці: «Цяпер твая чарга, лекар». Гэта быў намёк на Башара Асада, які да прэзідэнцтва атрымаў адукацыю афтальмолага ў Лондане.
Але чарга дабралася да Асада толькі праз 14 гадоў вайны, у якой, паводле ацэнак, загінулі сотні тысяч людзей, а мільёны сталі ўцекачамі. У выніку, калі паўстанцы падышлі да Дамаска з поўначы і поўдня, Асад уцёк — ноччу, разам з сынамі, у кірунку Расіі.
Блізкія да сям'і крыніцы, а таксама суразмоўцы ў Расіі і Сірыі расказалі The Guardian пра ізаляванае, але раскошнае жыццё былога дыктатара.
Паводле слоў дасведчанай крыніцы, былы кіраўнік Сірыі зноў пайшоў вучыцца.
«Ён вучыць рускую мову і асвяжае свае веды ў афтальмалогіі. Гэта яго захапленне, яму відавочна не патрэбныя грошы. Яшчэ да пачатку вайны ў Сірыі ён рэгулярна займаўся афтальмалагічнай практыкай у Дамаску», — расказаў сябар сям'і і выказаў меркаванне: калі Асад сапраўды пачне практыкаваць, яго патэнцыйнымі кліентамі могуць стаць заможныя жыхары Масквы.
Башар Асад. Фота: сацыяльныя сеткі
Сям'я Асадаў, хутчэй за ўсё, жыве ў прэстыжнай Рублёўцы — закрытым пасёлку для багатых пад Масквой. Менавіта там, з розных паведамленняў, у тым ліку жыве і былы прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч, які ўцёк з Кіева ў 2014 годзе.
Першыя месяцы пасля ўцёкаў сям'я займалася здароўем Асмы Асад, былой першай лэдзі. Яна некалькі гадоў змагалася з лейкеміяй, і яе стан быў крытычным. Паводле крыніц, пасля эксперыментальнай тэрапіі пад наглядам расійскіх спецслужбаў яна ачуняла і цяпер адчувае сябе добра.
Жыццё ў ізаляцыі
Фінансава сям’я, як сцвярджаецца, адчувае сябе ўпэўнена. Пасля санкцый 2011 года, уведзеных на фоне жорсткага разгону пратэстаў у Сірыі, значную частку капіталаў, як піша выданне, яны перанеслі ў Маскву — у юрысдыкцыю, куды заходнім рэгулятарам дацягнуцца значна цяжэй.
Аднак раскоша не роўная свабодзе: паводле сведчанняў, сёння сям’я жыве ізалявана і значна менш уключаная ў колы, у якіх круцілася раней. Башар Асад амаль ні з кім не кантактуе, акрамя пары былых паплечнікаў.
Крыніца, блізкая да Крамля, адзначае: у расійскай палітычнай эліце Асад цяпер «нецікавы» і «не ўплывовы», а Уладзімір Пуцін нібыта не любіць лідараў, якія страчваюць уладу.
Гэта пацвердзіў пасол Расіі ў Іраку Эльбрус Кутрашаў: «Асад можа жыць тут, але не можа займацца палітыкай. Ён не мае права займацца якой-небудзь медыйнай ці палітычнай дзейнасцю. (…) Але ён жывы і ў бяспецы».
Башар Асад з Уладзімірам Пуціным улетку 2024 года. Фота: Valery Sharifulin, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP
Уцёкі: кінутыя саюзнікі і сваякі
The Guardian таксама раскрывае драматычныя дэталі ўцёкаў Асада ўночы 8 снежня 2024 года. Ён уцёк з сынамі з Дамаска, не папярэдзіўшы нават бліжэйшых сваякоў і саюзнікаў. Іх сустрэў расійскі вайсковы эскорт і даставіў на расійскую авіябазу Хмеймім, адкуль іх самалётам вывезлі з краіны.
Яго брат Махер, высокапастаўлены вайсковец, тэлефанаваў Башару некалькі дзён, але той не браў слухаўку. У выніку менавіта Махер, а не прэзідэнт, дапамагаў іншым ратавацца, пакуль паўстанцы ўжо ўваходзілі ў палац. Сям'я дзядзькі Башара, Рыфата Асада, была вымушана начаваць у машынах перад расійскай авіябазай Хмеймім, пакуль не ўмяшаўся высокапастаўлены расійскі чыноўнік. Урэшце яны нібыта змаглі выехаць у Аман.
Башар і Асма Асады ў дзень іх вяселля. Фота: сацыяльныя сеткі
Новае жыццё дзяцей
У адрозненне ад бацькі, дзеці Асада хутчэй адаптаваліся да жыцця маскоўскай «залатой моладзі». Па словах крыніцы, яны шмат часу бавяць за шопінгам.
Адзіны раз, калі сям'ю Асадаў — без Башара — бачылі разам на публіцы ў Маскве, быў выпускны вечар ягонай дачкі Зэйн аль-Асад 30 чэрвеня. 22‑гадовая дачка былога сірыйскага дыктатара ў той дзень атрымала дыплом Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін.
Аднагрупнікі Зэйн адзначылі, што Асады трымаліся ў цяні, не фатаграфаваліся з Зэйн на сцэне, як іншыя сем'і і хутка з'ехалі. Злітыя базы звестак паказваюць, што дзяўчына зарэгістраваная ў элітных салонах прыгажосці і спартзалах Масквы.
Сын Хафез, якога калісьці рыхтавалі ў пераемнікі, закрыў большасць сваіх сацсетак пасля таго, як у лютым у Telegram выклаў відэа з сваёй версіяй уцёкаў з Дамаска, і сірыйцы хутка вызначылі ягонае месцазнаходжанне. Хлопец зарэгістраваў акаўнты пад псеўданімам з амерыканскага дзіцячага серыяла.
Скрын відэа, якое размясціў Хафес Асад у лютым 2025 года.
Як высветлілі журналісты, дзеці рэгулярна наведваюць ААЭ, і прынамсі, аднойчы ў такой паездцы з імі была маці Асма. Першапачаткова сям'я спадзявалася пераехаць туды назаўжды, бо Дубай ім больш знаёмы і зразумелы, чым халодная Масква. Аднак, як піша Guardian, нават Эміраты, якія прытулілі многіх сумнеўных багацеяў, пакуль не гатовыя прыняць таксічнага экс-дыктатара на пастаяннае месца жыхарства.
Чытайце таксама:
Башар Асад упершыню пракаментаваў сваю адстаўку