БЕЛ Ł РУС

Пазняк пра Бабарыку і Калеснікаву: Ніякая турма не пераробіць такіх

16.12.2025 / 22:09

Nashaniva.com

Ветэран беларускага руху Зянон Пазняк апублікаваў тэкст пра прэс-канферэнцыю, дадзеную 14 снежня ў Кіеве вызваленымі напярэдадні чатырма палітвязнямі: Віктарам Бабарыкам, Марыяй Калеснікавай, Уладзімірам Лабковічам і Аляксандрам Фядутам. Бабарыка і Калеснікава, як заўсёды, былі вельмі жорстка раскрытыкаваныя. 

Зянон Пазняк. Фота: «Наша Ніва»

«На канферэнцыі ўражаныя ўкраінцы ўбачылі зблізку аблічча рускамірскіх стаўленнікаў (Бабарыкі, Калеснікавай). Стаўленнікі не падтрымалі Украіну, не асудзілі рускую агрэсію супраць Украіны, не падтрымалі беларускіх дабраахвотнікаў, барацьбу і ахвяры палка Каліноўскага. Наадварот, быў выказаны жаль з прычыны ахвяраў рускіх акупантаў у іхнай агрэсіўнай вайне супроць Украіны», — канстатуе Пазняк.

Ён паўтарае звычайныя тэзісы пра тое, што апазіцыя да Лукашэнкі ў 2020 годзе была створаная Масквой з мэтай «скарыстаўшы выбары і антырэжымныя настроі ў народзе, замяніць Лукашэнку на газпрамаўскую крэатуру банкіра Бабарыку і легітымізаваць уладу ў Беларусі дзеля наступнай анексіі краіны ў Расію і стварэння выгадных умоваў для акупацыі Украіны».

Пасля, праўда, гэта апазіцыя разам з беларускімі патрыётамі апынулася ў адной турме. 

«І вось, дзякуючы Амерыцы і нашым агульным беларускім намаганням, рускамірцы на свабодзе. Яны загаварылі, як некалі, паказваючы сваё палітычнае нішто. Прапагандысцкія бурбалкі, створаныя вакол гэтых заангажаваных пустых персанажаў сапраўды «невераятныя», — гаворыць Пазняк, згадваючы і пра «нямецкі след у гэтай падступнай гісторыі», які «праявіцца сам і пазней».

А далей пераходзіць да агульных высноў.

«З вопыту нашай 200‑гадовай беларускай барацьбы вынікае наступнае: маскаль і тым больш тыя, хто прадаліся і служаць маскалю, не змяняюцца ні пры якіх абставінах. Яны застаюцца ворагамі нацыі назаўсёды, нягледзячы на магчымае потым прыстасаванне і змену рыторыкі. Гэтыя, якія гавораць на канферэнцыі, нават рыторыкі не мяняюць і паўтараюць з цынічнай ухмылачкай сваю завучаную расейскую службу.

Ніякая турма, ніякія турэмныя здзекі з беларускага чалавека, з яго мовы і годнасці, ніякія карцэры і глум не пераробяць такіх, не перайначаць свядомасць, не вернуць іх да мовы, да беларушчыны, не выклічуць рахунку нацыянальнага сумлення, бо яго ў іх не захавалася нават у пяце. 

Іх не цікавяць ахвяры і змаганне беларускіх добраахвотнікаў супраць рускіх захопнікаў. Ніякі рускі фашызм, ніякі рашызм, ніякая Буча, ніякае забойства ўкраінскага народа маскоўскімі агрэсарамі і забойцамі не выклічуць у такіх шчырага спачування, не пабудзяць да пытанняў, не пералякаюць і не саб'юць іх з фальшы і дэмагогіі рускага тропу. Наперадзе ў іх змена рыторыкі і зноў чарговыя правальныя бурбалкі ў агентурным тэатры. Але не ўдасца», — прарочыць Пазняк.

Чытайце таксама:

Краўцоў пра першую прэс-канферэнцыю Бабарыкі і Калеснікавай: Спрэчку раздзьмувалі выключна ў фэйсбуку, Лосік той жа

«Вельмі добра разумею беларускую мову. Нават не думаў». З'явілася ВІДЭА размовы беларускіх палітвязняў з Зяленскім

Германія плануе прыняць Віктара Бабарыку і Марыю Калеснікаву

Лосік: Інкамунікада? Кожны разумны чалавек павінен быў вызначыцца яшчэ ў 2014-м, чый Крым

Што Бабарыка і Калеснікава адказалі на пытанні пра вайну

Асноўнае, што расказаў Бабарыка на першай прэс-канферэнцыі

Каментары да артыкула