У Азербайджане запатрабавалі пажыццёвае для былога прэм’ер-міністра Нагорнага Карабаха
Рубена Варданяна абвінавачваюць у планаванні вайны, дэпартацыі насельніцтва, арганізацыі выкраданняў людзей, ужыванні катаванняў, а таксама па многіх іншых крымінальных артыкулах.
Рубен Варданян. Фота: armday.am
Пракуратура Азербайджана просіць прысудзіць былога дзяржаўнага міністра непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі і расійскага мільярдэра Рубена Варданяна да пажыццёвага пазбаўлення волі, піша Бі-бі-сі.
Азербайджан абвінавачвае грамадзяніна Арменіі Варданяна ў планаванні вайны, дэпартацыі насельніцтва, арганізацыі выкраданняў людзей, ужыванні катаванняў, а таксама па многіх іншых крымінальных артыкулах.
Бізнэсмен сваёй віны не прызнае і называе судовы працэс палітычна матываваным. У знак пратэсту супраць крымінальнага пераследу ён ужо неаднаразова аб’яўляў галадоўкі. Пасля адной з іх, якая доўжылася сем дзён, стан здароўя Варданяна рэзка пагоршыўся.
Увосень 2022 года Варданян адмовіўся ад расійскага грамадзянства, выехаў у Нагорны Карабах і стаў прэм’ер-міністрам непрызнанай рэспублікі.
У верасні 2023 года Азербайджан у выніку аднадзённай вайны атрымаў канчатковы кантроль над Карабахам. Армянскае насельніцтва — больш за 100 тысяч чалавек — пакінула свае дамы і выехала ў Арменію.
27 верасня 2023 года Рубена Варданяна затрымалі ў Лачынскім калідоры, калі ён спрабаваў, разам з іншымі жыхарамі, выехаць з Карабаха.
Варданян заяўляў, што пратаколы яго допытаў, складзеныя азербайджанскімі следчымі, былі сфальсіфікаваныя.
Паводле даных армянскага Камітэта па справядлівасці і праўдзе, у турмах Баку без захавання належных прававых працэдур утрымліваюцца прынамсі больш за 20 армян, якіх Ерэван называе закладнікамі і палітычнымі зняволенымі ў руках азербайджанскіх уладаў.
У Арменіі актывісты рэгулярна выходзяць на пратэсты з патрабаваннем спыніць пераслед карабахскіх армян і вярнуць іх дадому.