БЕЛ Ł РУС

«Белавія» правяла першы за амаль чатыры гады рэйс у Алматы. Гэта стала магчымым пасля зняцця амерыканскіх санкцый

18.12.2025 / 21:58

Nashaniva.com

Авіякампанія Belavia пасля чатырохгадовага перапынку аднавіла палёты з Мінска ў Алматы. Першы рэйс вылецеў 18 снежня. Раней самалёты ў гэты найбуйнейшы горад Казахстана лёталі з 2015 года і мелі попыт, але ў 2022‑м палёты былі спыненыя, піша Office Life.

Фота: Office Life

Як патлумачыў намеснік гендырэктара Belavia па маркетынгу Уладзімір Баркун, кампанія атрымала дазвол авіяцыйных уладаў Казахстана на выкананне рэйсаў. Кірунак адразу выклікаў цікавасць як у пасажыраў, так і ў турыстычных аператараў.

Рэйсы з Мінска будуць выконвацца па панядзелках і чацвяргах, назад з Алматы — па аўторках і пятніцах. Час палёту складае каля пяці гадзін. Кошт квітка ў адзін бок пачынаецца прыкладна ад 540 рублёў, туды і назад — ад 1045 рублёў.

Першы рэйс аказаўся добра загружаным: з Мінска былі прададзеныя 100 месцаў у эканом-класе і адно ў бізнэс-класе, у зваротным кірунку — 80 і 24 месцы адпаведна. Паводле слоў Баркуна, гэты напрамак зручны не толькі для прамых палётаў, але і для перасадак на іншыя рэйсы, напрыклад, з Алматы ў Санкт-Пецярбург ці Калінінград або з Мінска ў Бішкек.

Палёты ў сталіцу Казахстана, Астану, Belavia ўвогуле не спыняла. Як патлумачыла прадстаўніца Міністэрства транспарту і камунікацый Вольга Шапкова, аднавіць рэйсы ў Алматы стала магчымым пасля зняцця санкцый ЗША з беларускай авіякампаніі. У Астану лёталі самалёты Embraer, бо яна знаходзіцца бліжэй, а ў Алматы рэйсы выконваюцца на Boeing.

Раней у Belavia таксама не выключалі, што ў будучыні могуць з’явіцца і прамыя авіярэйсы з Мінска ў ЗША.

Чытайце таксама:

Чартары на курорты Турцыі з Мінска і абласных цэнтраў стартуюць 17 красавіка

«Белавія» аб'явіла пра адкрыццё чартарнай праграмы ў Турцыю

«Белавія» ўвяла паслугу дадатковага харчавання

«Белавія» аднаўляе палёты ў Тэль-Авіў

Каментары да артыкула