БЕЛ Ł РУС

У Магілёве прадаюць гараж, дзе замест падвала — міні-кватэра

22.12.2025 / 8:30

Nashaniva.com

На сцяне вісіць драўляны дзяржаўны герб, а замест аглядальнай ямы — міні-кватэра на ўвесь падвал.

Фота тут і далей: kufar.by

Унікальны аб'ект знаходзіцца ў гаражным кааператыве «Юбілейны-10», што непадалёк ад цэнтра Магілёва.

Звонку гэта звычайны цагляны гараж з жалезнай брамай. Унутры — салатавыя сцены, на адной з якіх вісіць драўляны дзяржаўны герб, белая столь, чатыры лямпы па баках і шэрая плітка на падлозе. На першы погляд гэта звычайны дагледжаны гараж, які выкарыстоўваюць выключна для захоўвання аўто, а не ягонага рамонту і абслугоўвання.

Самае цікавае ў гаражы знаходзіцца пад зямлёй. Замест звычайнай аглядальнай ямы тут драўляная лесвіца. А калі спусцішся па ёй, трапляеш у хол-кухню.

На 24,5 метрах там месціцца кухня з стальніцай, некалькімі шуфлядкамі, невялікай ракавінай, электрычным чайнікам і мікрахвалёўкай.

Побач ідуць дзверы, якія вядуць у прыбіральню. Насупраць — кладоўка з лядоўняй, а далей ідзе асноўны пакой з канапай, сталом і шафамі на ўсю сцяну.

Прадавец апісвае сваю кватэру-гараж як месца для знаўцаў гаражнага правядзення часу, дзе ўсё прадумана да дробязяў.

«У продажы эксклюзіўны цагляны гараж з падвалам, пераабсталяваным пад міні-кватэру з пакоем адпачынку, кухняй, туалетам, кладоўкай», — гаворыцца ў апісанні.

Праведзена цэнтральнае электра– і водазабеспячэнне. Зроблена мясцовая каналізацыя глыбінёй 5 метраў.

Прадавец запэўнівае, што гараж уцеплены, а ў падвале выканана якасная гідраізаляцыя.

«Якасна выканана сістэма вентыляцыі, дадаткова ўсталявана прытокавая. Пры продажы застаецца ўся мэбля, бытавая тэхніка, посуд. Усталяваная сігналізацыя», — напісана ў аб'яве.

За ўнікальны гараж у цэнтральнай частцы Магілёва з пазнакай «тэрмінова» просяць 16 500 даляраў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула