Два суддзі Вярхоўнага суда звольніліся па ўласным жаданні
Канстанцін Харытанюк і Уладзімір Чаравач адпрацавалі там па 7‑8 гадоў.
Вярхоўны суд. Фота: sb.by
У складзе Вярхоўнага суда Беларусі адбыліся кадравыя змены. 10 суддзяў вызваленыя ад пасад, з іх двое — па ўласным жаданні. Гэта Канстанцін Харытанюк і Уладзімір Чаравач.
Канстанцін Харытанюк
Канстанціну Харытанюку 43 гады, ён з Брэста. Скончыў юрыдычны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, працаваў у родным горадзе адвакатам. У 2008‑м перайшоў у судовую сістэму. Працаваў у судзе Маскоўскага раёна Брэста, пасля ў Брэсцкім абласным судзе. З 2018 года Харытанюка забралі ў Вярхоўны суд. Спачатку ён адказваў за эканамічныя справы, а апошнія паўтара года — за справы інтэлектуальнай уласнасці. За кошт такой спецыялізацыі, хутчэй за ўсё, не запляміў сябе палітычнымі прысудамі. Прынамсі ў праваабаронцаў няма інфармацыі пра яго ўдзел у палітычных працэсах.
Уладзімір Чаравач
Уладзіміру Чаравачу 66 гадоў. Тым не менш фармальна ён таксама звольніўся па ўласным жаданні. Чаравача прызначылі ў Вярхоўны суд у 2017 годзе, перад тым ён быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Яшчэ раней узначальваў суд Кастрычніцкага раёна Мінска. Чаравач у Вярхоўным судзе разглядаў дзясяткі апеляцый па палітычных прысудах, пакідаючы іх без зменаў.
Апроч іх, пакінулі Вярхоўны суд яшчэ восем суддзяў. Андрэй Кавальчук і Таццяна Праташчык перайшлі ў Канстытуцыйны суд, Юрый Кобец знайшоў іншую працу, а Андрэй Алешчанка, Святлана Дубай, Валянціна Кулік, Ганна Сакалоўская і Жанна Шкурдзюк выйшлі ў адстаўку.