Чацвёра загінулых ад перадазіровак — наркадылеру прысудзілі 24 гады, яго жонцы амаль столькі ж
Суд Мінскага раёна вынес жорсткі прысуд за незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў, у выніку якога загінулі чатыры чалавекі. На лаве падсудных апынуліся шэсць чалавек, уключаючы сямейную пару мінчукоў, якія выконвалі ролю кур'ераў-закладчыкаў.
Паводле пракуратуры, 43‑гадовая жанчына і яе 48‑гадовы муж з ліпеня 2023 года працавалі на дзве інтэрнэт-крамы па продажы псіхатропаў. Падчас затрымання і ператрусаў у іх было канфіскавана каля 1,8 кг небяспечных рэчываў, сярод якіх мефедрон, гашыш, метадон і альфа-PVP.
Ад метадону, які яны распаўсюджвалі, памерлі чатыры чалавекі.
Агульны злачынны даход пары перавысіў 262 тысячы рублёў.
Суд прызначыў суровыя тэрміны. Жанчыне — 23 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі, яе мужу 24 гады і 1 месяц пазбаўлення волі (з улікам артыкула за кіраванне ў стане ап’янення). Таксама яны атрымалі штрафы па 29,4 тыс. рублёў (700 базавых адзінак) з кожнага, а таксама спагнанне ўсяго злачыннага даходу ў скарбніцу дзяржавы.
Яшчэ чатыры фігуранты справы — жыхары Мінска і вобласці — былі асуджаныя паводле ч. 1 арт. 328 КК (набыццё і захаванне без мэты збыту). Яны карысталіся паслугамі той самай крамы і забіралі «закладкі», зробленыя сужэнцамі. Двое з іх атрымалі рэальныя тэрміны зняволення (2,5 і 4 гады), яшчэ двое — па 3 гады «хатняй хіміі».