БЕЛ Ł РУС

У Мазыры за палітыку асудзілі мясцовага прадпрымальніка — аднаго з нешматлікіх уласнікаў электрамабіля ў горадзе

25.12.2025 / 9:30

Nashaniva.com

Дзмітрый Карнейчык больш за 15 гадоў займаўся бізнэсам у Мазыры — ад продажу канцылярскіх тавараў да ўласнай фотастудыі. Нядаўна стала вядома, што Дзмітрыя адправілі за краты паводле палітычнага артыкула.

Дзмітрый Карнейчык. Фота з ягонага фэйсбука

Дзмітрыю Карнейчыку з Мазыра 43 гады. У 1999 годзе скончыў мясцовую школу №9, а пасля паступіў у Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт (МДПУ). У 2004 годзе Дзмітрый атрымаў дыплом фізіка-матэматычнага факультэта па спецыяльнасці «Матэматыка і інфарматыка».

Пасля адпрацоўкі Дзмітрый абраў сферу гандлю і паслуг: ужо з 2007 года ён працаваў у кампаніі «Афістон», вядомым пастаўшчыку тавараў для офісаў.

Уласную справу Карнейчык пачаў у 2009 годзе. Раней ён валодаў пунктам «Фоталюкс», а апошнія гады развіваў фотасалон «Кропка» («Точка»), размешчаны ў мазырскім гандлёвым цэнтры «Global Market». 

Дзмітрый Карнейчык адным з першых у Мазыры перасеў на электрамабіль Nissan Leaf і актыўна прасоўваў ідэю зялёнага транспарту.

У інтэрв'ю раённай газеце ў 2023 годзе Карнейчык адзначаў перавагі электракараў: расказваў, што траціць на зарадку ўсяго 60 рублёў у месяц замест 700 рублёў на бензін, і дзяліўся лайфхакамі, як даехаць з Мазыра да Мінска на адной батарэі.

Дзмітрый Карнейчык. Фота: Жыццё Палесся

Мужчыну арыштавалі больш за паўгода таму. Гомельскі абласны суд прызнаў яго вінаватым паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 КК — «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Гэты артыкул цяпер часта ўжываюць супраць тых, хто дасылаў фота ці відэа перамяшчэння тэхнікі ў маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн».

Дакладны тэрмін невядомы. Па звестках «Вясны», Дзмітрый Карнейчык ужо адбывае пакаранне ў калоніі.

Чытайце таксама:

Якія прысуды даюць па справе Гаюна?

Гаспадара таго самага Мухтара з серыяла асудзілі за палітыку

Інжынера, які запускаў трэцюю лінію мінскага метро, асудзілі за «Гаюна»

Каментары да артыкула