БЕЛ Ł РУС

«Хачу ўзяць інтэрв’ю» — «Не» — «Давайце я вас сфатаграфую» — «Не». Бяляцкі расказаў пра сустрэчу ў калоніі з Пратасевічам

25.12.2025 / 12:36

Вінцэсь Клепачэня

«Калі ты пачынаеш свядома служыць тым, хто цябе фактычна зламаў, калі ты перакінуўся на другі бок і пачынаеш свядома служыць — то гэта проста здрада сваім прынцыпам і меркаванням, таму, як ты думаў, як ты жыў. Гэта яго выбар, ну хай ён з гэтым жыве да канца жыцця», — кажа нобелеўскі лаўрэат пра новага вядучага СТБ.

Алесь Бяляцкі і Раман Пратасевіч. Скрын відэа TOK_talk / YouTube; тэлеграм-канал Пратасевіча

Як згадаў нобелеўскі лаўрэат і праваабаронца Алесь Бяляцкі ў новым выпуску «ТОКу», звыклы выхад на працу яго брыгады адміністрацыя ператварыла ў дзіўную гульню.

Па словах Бяляцкага, сустрэча з Раманам Пратасевічам адбылася ў лютым 2025 года. Ён узгадвае, што ў той дзень адміністрацыя паводзілася дзіўна з самага ранку:

«Мы сабраліся ісці на працу. Раз — і палову атрада затрымалі. Тыпу: «Няма разнарадкі, вы застаяцеся ў казарме». Што такое? У нас брыгада — 30 чалавек, і 15 застаюцца. Потым праз гадзіну кажуць: «Давайце пяць на працу». Яшчэ праз гадзіну — яшчэ пяць на працу. Урэшце мы прыходзім на КПП, кажуць: «Бяляцкі, застанься, іншыя ідзіце, —

узгадвае праваабаронца і тлумачыць:

— Уся гэтая сістэма з працай была прыдумана, каб мяне адфільтраваць і завесці ў штаб на сустрэчу з Раманам Пратасевічам».

Як заўважае Бяляцкі, Пратасевіч назваўся нейкім рабочым.

«Кажа: «Я рабочы зараз». Я кажу: «А як ты сюды патрапіў, рабочы? Як цябе пусцілі?». «Ну вось, — кажа, — я блог раблю, мне інтэрв’ю трэба ўзяць».

Па словах былога палітвязня, ён пазнаў Пратасевіча, бо бачыў яго інтэрв’ю, паказанае па беларускім тэлебачанні:

«Ужо ж было паказана інтэрв’ю па беларускім тэлебачанні, дзе ён плакаў і гэтак далей. Я, дарэчы, яго зусім не ведаў у 2020‑м годзе, 2021-м. Для мяне гэта невядомы чалавек быў. Але калі ўжо па тэлевізіі паказалі ўсе гэтыя драматычныя кадры, тады як бы я ўжо пазнаёміўся з ім завочна. Таму яго пазнаў».

Бяляцкі коратка перадае змест размовы:

«Ён кажа: «Ну вось, хачу ўзяць інтэрв’ю».

Я кажу: «Не, я не буду даваць табе інтэрв’ю».

«Ну давайце я вас сфатаграфую».

Кажу: «Не, не хачу, каб вы мяне фатаграфавалі».

«Ну тады скажыце, ці згодны вы, каб вас абмянялі на кагосьці, ці згодны вы на абмен?»

Я кажу: «Ну, у прынцыпе, я не супраць».

Сваю згоду Бяляцкі тлумачыць наступным чынам:

«Зразумела было, што сітуацыя у нас тут не паляпшаецца. І знаходзіцца далей у турме… (…) З аднаго боку, пэўная эфектыўнасць ад твайго знаходжання як бы і застаецца, [але з іншага боку] ну ўжо як бы і зашмат трохі. Таму што чатыры гады ў турме — гэта нямала. Гэта кавалак жыцця, у які ты хочаш не хочаш, але ўвесь час знаходзішся ў напружанні. Сітуацыя вымотвае цябе як чалавека».

Разважаючы пра асобу самога Пратасевіча, Бяляцкі выказаўся даволі жорстка:

«Сыходзячы з апошніх даных, што ён там зараз вядоўца на дзяржаўным тэлебачанні, то відаць, што ён не проста, як у турме кажуць, «ссучыўся», ён яшчэ і пачаў служыць верна.

Я разумею: слабы чалавек, можа быць, яго зламалі, ён штосьці расказаў тое, што другі раз не расказаў бы. Але калі ты пачынаеш свядома служыць тым, хто цябе фактычна зламаў, калі ты перакінуўся на другі бок і пачынаеш свядома служыць — то гэта проста здрада сваім прынцыпам, сваім меркаванням, таму, як ты думаў, як ты жыў. Фактычна ён здрадзіў, сам закрэсліў сваё папярэдняе жыццё. Гэта яго выбар, ну хай ён з гэтым жыве да канца жыцця».

Чытайце таксама:

Бяляцкі расказаў, як даведаўся ў СІЗА пра Нобелеўскую прэмію

Бяляцкі пра магчымыя перамовы: Размаўляць прыходзіцца і з бандытамі

Алесь Бяляцкі расказаў, чаму праваабаронцы ў разгар рэпрэсій вырашылі не пакідаць краіну

Каментары да артыкула