Даследчыкі знайшлі месца ў Беларусі, дзе базуецца «Арэшнік»
Амерыканскія даследчыкі выявілі верагодную базу для размяшчэння расійскіх гіпергукавых ракет «Арэшнік» на тэрыторыі Беларусі. Паводле звестак агенцтва Reuters, спадарожнікавыя здымкі паказваюць на інтэнсіўнае будаўніцтва на былым вайсковым аэрадроме пад Крычавам, што ў Магілёўскай вобласці, усяго за некалькі кіламетраў ад расійскай мяжы.
Эксперты Джэфры Льюіс і Дэкер Эвелет, прааналізаваўшы фота кампаніі Planet Labs, заўважылі на аб'екце характэрныя прыкметы расійскай стратэгічнай ракетнай базы.
На тэрыторыі аэрадрома з’явіўся новы чыгуначны вузел вайсковага прызначэння з ахоўнай агароджай, а таксама бетанаваныя пляцоўкі, якія пазней былі засыпаныя зямлёй для маскавання.
Будаўніцтва пляцовак пачалося ў перыяд з 4 да 12 жніўня.
Даследчыкі заявілі, што на «90% упэўненыя», што мабільныя пускавыя ўстаноўкі ракетнага комплексу размешчаныя на былой авіябазе пад Крычавам, прыкладна за 307 кіламетраў на ўсход ад Мінска і за 478 кіламетрах на паўднёвы захад ад Масквы.
Размяшчэнне ракет у Беларусі значна пашырае магчымасці Масквы па нанясенні ўдараў углыб Еўропы.
Нядаўна Лукашэнка пацвердзіў, што першыя «Арэшнікі» ўжо заступілі на баявое дзяжурства, назваўшы гэта «адказам на агрэсіўныя дзеянні Захаду».
У сваю чаргу, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заяўляў, што Кіеў валодае дакладнымі каардынатамі размяшчэння гэтых ракет і ўжо праінфармаваў міжнародных партнёраў аб новых пагрозах, якія ствараюцца з тэрыторыі Беларусі.