БЕЛ Ł РУС

Акцёр Ідрыс Эльба і фігурысты Джэйн Торвіл і Крыстафер Дзін былі пасвечаныя ў рыцары (і даму) Ордэна Брытанскай імперыі

30.12.2025 / 14:3

Nashaniva.com

Брытанскі акцёр Ідрыс Эльба, а таксама фігурысты Джэйн Торвіл і Крыстафер Дзін, якія ў 1980‑х гадах перамагалі савецкіх супернікаў, падчас штогадовай пераднавагодняй цырымоніі надання тытулаў сталі рыцарам і дамай Ордэна Брытанскай імперыі, піша Бі-бі-сі.

Ідрыс Эльба. Фота: Tristan Fewings/Getty Images for The Red Sea International Film Festival

Усяго сёлета кароль надаў ганаровыя тытулы 1157 грамадскім дзеячам, прадстаўнікам мастацтва, навукі, спорту і палітыкі.

У сферы спорту, у прыватнасці, былі адзначаныя трэнер і футбалісткі жаночай зборнай Англіі, якая ў гэтым годзе другі раз запар выйграла чэмпіянат Еўропы.

Джэйн Торвіл і Крыстафер Дзін заваявалі алімпійскае золата ў парным фігурным катанні ў 1984 годзе, а таксама чатыры разы станавіліся чэмпіёнамі свету і чатыры разы — чэмпіёнамі Еўропы. Тытулы рыцара і дамы (жаночы аналаг рыцара) Ордэна Брытанскай імперыі яны атрымалі як за спартыўныя дасягненні, так і за грамадскую дзейнасць.

Сёлета Торвіл і Дзін, якім цяпер 68 і 67 гадоў, у апошні раз выйшлі на лёд — падчас фіналу тэлешоу «Танцы на лёдзе».

«Для нас было важна гэтым выступленнем нагадаць пра нашу кар’еру перад сыходам на спачын, а цяпер, у канцы года, яшчэ і атрымаць гэту ўзнагароду. Гэта проста ідэальнае завяршэнне ўсяго», — сказала Джэйн Торвіл.

Ідрыс Эльба, цяпер — сэр Ідрыс, вядомы, у прыватнасці, па ролях Нэльсана Мандэлы ў фільме «Мандэла: доўгі шлях да свабоды» і дэтэктыва Джона Лютэра ў серыяле «Лютэр». Аднак рыцарскі тытул ён атрымаў за дабрачынную дзейнасць: яго фонд Elba Hope Foundation дапамагае дзецям.

«Я спадзяюся, што мы зможам прыцягваць больш увагі да таго, наколькі важная пастаянная і практычная дапамога моладзі, а таксама да таго факту, што ўсе мы нясём адказнасць за пошук альтэрнатывы гвалту», — сказаў сэр Ідрыс, каментуючы атрыманне рыцарскага тытула.

Сам ён у падлеткавым узросце атрымаў грант ад Фонду Прынца Уэльскага на навучанне ў Нацыянальным маладзёжным музычным тэатры, што ў выніку прывяло яго да кар’еры вядомага акцёра.

Галоўная трэнерка жаночай зборнай Англіі па футболе, галандка Сарына Вігман, была ўганаравана асаблівым ганаровым тытулам дамы за тое, што другі раз запар заваявала з камандай золата чэмпіянату Еўропы.

Замежнікі могуць атрымліваць рыцарскую ступень Ордэна Брытанскай імперыі, аднак, у адрозненне ад брытанцаў, ім не належыць прыстаўка «сэр» або «дама» да імя.

Ступені Ордэна Брытанскай імперыі ніжэй за рыцарскія атрымалі і некалькі футбалістак зборнай.

Ордэн Брытанскай імперыі мае пяць асноўных ступеняў, і рыцарскі тытул прысвойваецца толькі па дзвюх найвышэйшых.

Тытуламі ніжэй за рыцарскія былі адзначаныя не толькі «Львіцы» — так у Англіі называюць сваю жаночую футбольную зборную, — але і галоўны трэнер і пяць спартсменак «Чырвоных ружаў» — мянушка жаночай зборнай па рэгбі. У гэтым годзе яны сталі чэмпіёнкамі свету.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула