БЕЛ Ł РУС

Падоўжылі тэрмін дзеяння крэдытнай праграмы «На родныя тавары»

31.12.2025 / 22:35

Nashaniva.com

Урад Беларусі падоўжыў дзеянне крэдытнай праграмы «На родныя тавары» да канца 2026 года. Адпаведную пастанову Савета Міністраў падпісаў прэм'ер міністр Аляксандр Турчын. 

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Дакументам істотна пашыраныя як спіс тавараў, якія можна набыць у крэдыт, так і кола беларускіх вытворцаў — удзельнікаў праграмы.

Цяпер за льготныя крэдыты можна набываць не толькі традыцыйныя айчынныя тавары, але і камп’ютарную тэхніку (ноўтбукі, маніторы, монаблокі, серверы, сістэмныя блокі), будаўнічыя матэрыялы (шпалеры, люстэркі, портландцэмент), прадукцыю лёгкай прамысловасці вядомых беларускіх брэндаў (адзенне, чамаданы, сумкі з натуральнай скуры, сервізы), а таксама бытавую і электратэхніку, сродкі малой механізацыі, самакаты, электрасамакаты, ацяпляльныя прыборы і іншыя тавары.

Акрамя таго, павялічаны пералік вытворцаў, прадукцыя якіх удзельнічае ў праграме. Да яго далучаныя прадпрыемствы, што выпускаюць ацяпляльнае абсталяванне, мота– і велатавары, драўляныя вокны і дзверы, мэблю, бытавую тэхніку, тэлевізары, санітарна-тэхнічныя вырабы, адзенне з натуральнага футра і іншую прадукцыю.

Крэдыты ў межах праграмы выдае Беларусбанк на льготных умовах — пад 4% гадавых. Пры гэтым змененыя і тэрміны пагашэння крэдытаў: яны цяпер залежаць ад катэгорыі набытага тавару і могуць складаць адзін, два або тры гады.

Максімальны, трохгадовы тэрмін пагашэння захаваўся для дарагіх пакупак, такіх як драўляныя дамакамплекты, ацяпляльныя катлы, сродкі малой механізацыі, матацыклы і мапеды.

Чытайце таксама:

Продажы кніг беларускіх аўтараў выраслі на 200%

50 айчынных вытворцаў далучыліся да брэнда «Сваё»

На расійскіх таварах беларускую мову можна сустрэць ці не часцей, чым на беларускіх. Чаму так?

Лукашэнка: Усе хочуць купіць адзенне ад «Гучы» і «Версачэ». Але навошта траціце грошы на такую драбязу

Каментары да артыкула