«Шаптуна Пуціна Лукашэнку падвялі ці то «старэйшыя браты», ці то ўласная інтуіцыя»
Аналітык Аляксандр Фрыдман пракаментаваў сітуацыю вакол нібыта атакі дронаў на рэзідэнцыю Пуціна і «інсайдара з Крамля» Лукашэнкі.
Фота: Maxim Shipenkov Pool Photo via AP
Раней Расія абвінаваціла Украіну ў атацы на рэзідэнцыю Пуціна ў Наўгародскай вобласці ўночы 29 снежня. Але не толькі Украіна абвергла гэтыя заявы. ЦРУ не знайшло ніякіх доказаў, што Украіна цэліла ў Пуціна ці ў яго рэзідэнцыю падчас свайго ўдару дронамі. А Дональд Трамп зарэпосціў артыкул «Пустаслоўе Пуціна пра «ўдар» па ім паказвае, што менавіта Расія стаіць на перашкодзе міру».
Аналітык Аляксандр Фрыдман разважае з гэтай нагоды:
«У Крамлі, падобна, сталі ахвярай уласнай самаўпэўненасці і пралічыліся з таннай і вельмі тапорнай правакацыяй. Паглядзім, як цяпер павядзе сябе Трамп, які і сам не супраць зманіць ці прыхлусіць, але відавочна не ў захапленні, калі яго трымаюць за ідыёта. Для Трампа гэта своеасаблівы момант Буша-малодшага, які таксама на працягу пэўнага часу і цалкам шчыра хацеў верыць «дарагому Уладзіміру», які бессаромна ілгаў яму проста ў вочы. Магчыма, першым досведам 2026 года для расійскіх кіраўнікоў стане спазнанне сэнсу прыказкі «добра смяецца той, хто смяецца апошнім»: прыхільнікам больш жорсткага курсу ў дачыненні да Расіі ў адміністрацыі Трампа (Марка Рубіа), Украіне і яе еўрапейскім партнёрам зараз прадстаўляецца добры шанец перацягнуць коўдру на сябе».
Фрыдман працягвае:
«Цікавая ў гэтай сувязі і гісторыя «шаптуна Пуціна» Лукашэнкі, які кінуўся на абарону расійскага прэзідэнта і паспрабаваў зноў выступіць у ролі інсайдара з Крамля. Яго падвялі — ці то ўласная інтуіцыя, ці то «старэйшыя браты» з Масквы. Дадатковых балаў на амерыканскім кірунку ён учора не зарабіў: часам лепш маўчаць, чым гаварыць. Асабліва ў выпадку «казак валдайскага лесу».
Лукашэнка назваў атаку дронаў нібыта на рэзідэнцыю Пуціна «найдзічэйшым тэрарызмам на самым высокім дзяржаўным узроўні».