У гістарычным цэнтры Магілёва паставілі скульптуру паўголага армрэслера
На пешаходнай вуліцы Ленінскай у Магілёве з'явіўся новы арт-аб'ект — скульптура атлета-армрэслера. Мускулісты мужчына ў адных трусах размясціўся побач з гістарычным праваслаўным асяродкам.
Скульптура армрэслера на пешаходнай Ленінскай вуліцы ў Магілёве. Фота: magilev.by
Скульптуру ўстанавілі перад самым Новым 2026 годам у рамках працягу работ па добраўпарадкаванні гістарычнага цэнтра. Паводле задумы, бронзавы атлет абапіраецца локцем на невялікі столік, нібы запрашаючы мінакоў пазмагацца з ім на руках.
Ці сімвалізуе гэты вобраз нейкую канкрэтную асобу ці падзею, не тлумачыцца. Выбар такога персанажа для гістарычнага ядра горада выглядае даволі дзіўна.
Скульптура армрэслера на пешаходнай Ленінскай вуліцы ў Магілёве. Фота: magilev.by
Скульптура армрэслера на пешаходнай Ленінскай вуліцы ў Магілёве. На месцы будынкаў за спінай скульптуры да вайны размяшчаўся комплекс гандлёвых радоў і праваслаўнага Спаскага манастыра. Фота: magilev.by
Скульптура знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад архірэйскага падвор'я і тэрыторыі былога Спаскага манастыра. Цяпер тут месцяцца Магілёўская епархія Беларускай праваслаўнай царквы і Духоўна-асветніцкі цэнтр імя свяціцеля Георгія Каніскага. Чаму менавіта побач з духоўнымі аб'ектамі з'явіўся армрэслер, застаецца загадкай.
Варта адзначыць, што на гэтым участку вуліцы Ленінскай, ад плошчы Славы да вуліцы Болдзіна, ужо ўсталявана некалькі арт-аб'ектаў, аднак большасць з іх на музычную тэматыку, бо знаходзяцца побач з будынкам музычнай школы. Новая скульптура відавочна выбіваецца з гэтага шэрага.