БЕЛ Ł РУС

Маразы да —20 і моцныя снегапады. Якім будзе надвор'е на наступным тыдні

4.01.2026 / 16:52

Nashaniva.com

Сіноптык Дзмітрый Рабаў у эфіры тэлеканала АНТ расказаў, якім будзе надвор’е ў краіне на наступным тыдні, з 5 па 11 студзеня. Па яго словах, сапраўдная зімовая пагода пасля святаў захаваецца на працягу ўсяго тыдня.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Беларусаў чакаюць багатыя снегапады, мароз, парывісты вецер і завеі, якія месцамі пагоршаць бачнасць да 1—3 кіламетраў. У цэлым у першай дэкадзе студзеня тэмпература паветра будзе ніжэйшай за кліматычную норму на 2—3 градусы. Да наступных выхадных вышыня снегавога покрыва ў сярэднім складзе каля 20 см на захадзе краіны і да 40 см на паўночным усходзе.

У панядзелак, 5 студзеня, надвор’е будзе вызначацца ўплывам антыцыклону. Месцамі пройдуць кароткачасовыя снегапады, магчымыя праясненні. Чакаецца слабы галалёд, умераны паўночна-заходні і заходні вецер. Уначы тэмпература панізіцца да —6…—12 градусаў, а на паўночным усходзе — да —17. Днём будзе каля —3…—7, у аўторак, 6 студзеня, стане яшчэ халадней — прыкладна —4…—8.

На праваслаўныя Каляды таксама чакаюцца маразы. Праз краіну пройдзе актыўны паўднёвы цыклон, які прынясе моцныя снегапады. На дарогах магчымыя снежныя заносы і галалёд, вецер будзе парывісты, усходні і паўночна-ўсходні. Уначы — каля —5…—10, удзень — —4…—7.

У другой палове тыдня надвор’е застанецца неспрыяльным: снег пойдзе амаль па ўсёй Беларусі, з-за ваганняў тэмпературы магчымыя туман і галалёд. Начныя маразы дасягнуць —7…—15, удзень у чацвер, 8 студзеня, будзе каля —8, а ў пятніцу, 9 студзеня, — ад —8 да —15.

У выхадныя, 10 і 11 студзеня, надвор’е будуць вызначаць атмасферныя франты з захаду. Прагназуюцца невялікія снегапады, аднак маразы ўзмоцняцца: уначы ў суботу — —6…—12, на паўночным усходзе да —20. Днём у суботу будзе —3…—7, у нядзелю — каля —5 градусаў.

Чытайце таксама:

Калі ваша машына будзе перашкаджаць снегаўборачнай тэхніцы, вас аштрафуюць

Пад Полацкам ужо 28 см снегу

Беларусы штурмуюць снежныя горкі ВІДЭА

У Мінску на змаганне са снегам вывелі больш за 1550 дворнікаў

Каментары да артыкула