Экватарыяльная Гвінея перанесла сталіцу з вострава на мацярык
Сталіцу Экватарыяльнай Гвінеі перанеслі з востравa Біёка на мацерыковую частку краіны. Гэта рашэнне прынята ў мэтах павышэння бяспекі дзяржаўных інстытутаў і паляпшэння лагістыкі, паведамляе мясцовае выданне Guinea Ecuatorial Press. Адпаведны ўказ падпісаў прэзідэнт краіны Теадора Абіянг Нгема Мбасога.
Фота: pdge-guineaecuatorial.com
Новай сталіцай стаў горад С'юдад-дэ-ла-Пас (у перакладзе з іспанскай мовы «Горад міру»), які замяняе горад Малаба. У дакуменце адзначаецца, што перанос цэнтру кіравання дзяржавай гарантуе бяспеку ўстаноў улады і забяспечвае раўнамернае развіццё ўсіх рэгіёнаў краіны.
Малаба, дзякуючы свайму астраўному размяшчэнню, лічыцца ўразлівым перад знешнімі пагрозамі, тады як новая сталіца ў цэнтры мацерыка стане «мацярынскай крэпасцю суверэнітэту» і рухавіком прагрэсу для грамадзян краіны.
Будаўніцтва горада С'юдад-дэ-ла-Пас пачалося яшчэ ў 2012 годзе з разлікам на будучую ролю горада як сталіцы. Ён размешчаны на рацэ Веле, за 160 кіламетраў ад узбярэжжа Атлантычнага акіяна, за 25 кіламетраў ад мяжы з Габонам і за 60 кіламетраў ад Камеруна, а акружаюць яго густыя трапічныя лясы. Горад разлічаны на 200 тысяч жыхароў.
Большасць міністэрстваў і дзяржаўных устаноў ужо пераехала з Малаба ў С'юдад-дэ-ла-Пас. Пры гэтым Малаба захавае частку дзяржаўных службаў, уключаючы Міністэрства замежных спраў і Міністэрства вуглевадародаў ды развіцця горнай прамысловасці. Таксама пакуль не плануюць пераезду ў новую сталіцу пасольствы замежных дзяржаў і галоўныя офісы буйных кампаній і банкаў.
Малаба, дзе жыве каля 350 тысяч чалавек, застаецца галоўным камерцыйным і фінансавым цэнтрам краіны нават пасля пераносу адміністрацыйнай сталіцы.
Чытайце таксама:
Якая краіна найбольш залежыць ад прыродных рэсурсаў?
Афрыканскі Лукашэнка прысудзіў свайму сыну шэсць гадоў турмы
Ці шмат у свеце засталося кіраўнікоў дзяржаў, якія прыйшлі да ўлады раней за Лукашэнку?