Палову сваіх шматлікіх мільёнаў Арына Сабаленка зарабляе па-за кортам. Дзе менавіта?
Першая ракетка свету, беларуска Арына Сабаленка, за апошнія гады павялічыла не толькі колькасць выйграных «Вялікіх шлемаў», але і колькасць спонсараў. Па інфармацыі часопіса Forbes, у 2025 годзе яна зарабіла 30 мільёнаў даляраў і заняла другое месца па даходах сярод тэнісістак, абышоўшы польку Ігу Свёнтэк і японку Наомі Асаку. З гэтай сумы каля 15 мільёнаў даляраў яна атрымала па-за кортам, піша Sports.ru.
Арына Сабаленка. Фота: Robert Prange/Getty Images
Як паведамляецца, цяпер з беларускай тэнісісткай супрацоўнічаюць брэнды з як мінімум пяці розных сегментаў.
У 2023 годзе Сабаленка стала амбасадаркай прэміяльнай тэкілы Maestro Dobel, якая з'яўляецца спонсарам некалькіх турніраў серыі WTA, уключаючы US Open.
Брэнд нават стварыў імянны кактэйль «МаргАрына», натхнёны любімым кактэйлем Сабаленкі пад назвай «Маргарыта». Dobel выкарыстоўвае акцыі для фанатаў — напрыклад, зніжкі на свае напоі пры ўваходзе ў праграму лаяльнасці падчас турніру.
Адным з першых спонсараў Сабаленкі стаў амерыканскі брэнд Whoop, які выпускае фітнэс-трэкер для адсочвання сну, нагрузкі і аднаўлення.
Сабаленка носіць яго ўжо амаль 1200 дзён. У 2025 годзе яна таксама стала амбасадаркай швейцарскага брэнда гадзіннікаў Audemars Piguet, які выпускае люксавае абсталяванне, напрыклад, гадзіннікі з золата і з дыяментамі за 225 тысяч даляраў.
Яшчэ адзін спонсар — Oakberry, сетка бразільскіх рэстаранаў і крам, якую заснаваў бойфрэнд Сабаленкі Георгіас Франгуліс.
Брэнд прапануе смузі і боўлы з пладоў асаі, і нават стварыў імянны боўл «Тыгрыны» спецыяльна для Арыны, кошт якога даходзіць да 17 даляраў. Гэты напой складаецца з асаі, сыроваткавага пратэіну, гранолы, арахісавай пасты і клубніц, змяшчаючы больш за 600 кілакалорый на 470 мл.
Спонсар з сегмента здаровага ладу жыцця — IM8, вытворца нутрыентных напояў, саўладальнікам якога з’яўляецца былы англійскі футбаліст Дэвід Бэкхэм.
Сабаленка не толькі выкарыстоўвае прадукцыю гэтай кампаніі, але і інвеставала ў яе. Таксама яна супрацоўнічае з мексіканскай фірмай Electrolit, якая выпускае напоі для аднаўлення гідратацыі.
На корце Сабаленка заўсёды ў вопратцы Nike і з ракеткай Wilson.
Праўда, яе супрацоўніцтва з Nike выклікае пытанні: у 2022—2023 гадах яна выступала ў старых калекцыях, а першы індывідуальны дызайн атрымала толькі на US Open 2023. Пакуль не мае паўнавартаснай рэкламнай падтрымкі Nike, часткова, відаць, з-за накладзеных на беларускіх і расійскіх спартсменаў санкцый.
Чытайце таксама:
Арына Сабаленка прайграла ў Дубаі «бітву палоў»
Сабаленку другі год запар прызналі найлепшай тэнісісткай свету
Сабаленка адказала, ці збіраецца яна пераходзіць з беларускага пад іншы сцяг
Арына Сабаленка расказала, калі збіраецца нарадзіць і на што траціць прызавыя
Арына Сабаленка стала другой у гісторыі сусветнага жаночага тэнісу паводле памераў прызавых