БЕЛ Ł РУС

Беларускія дальнабойшчыкі масава цікавяцца «пашпартамі РР». Вось як такі пашпарт робіцца

31.01.2026 / 09:30

Nashaniva.com

Чаму такі высокі інтарэс і што дае такі дакумент?

Беларускія пашпарты з літоўскімі ДНЖ. Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

Тэма афармлення «пашпарта РР» у апошнія месяцы сярод беларускіх дальнабойшчыкаў стала асабліва папулярнай. У першую чаргу праз тое, што ён дазваляе ездзіць па Беларусі на машыне з еўрапейскай рэгістрацыяй і пры некаторых умовах увозіць яе для далейшай рэгістрацыі ў Беларусі без аплаты мыта.

Кіроўцы дзеляцца досведам з калегамі, а некаторыя блогеры-дальнабойшчыкі збіраюць сотні тысяч праглядаў па гэтай тэме і нават гатовыя даваць платныя кансультацыі па афармленні «пашпарту РР».

«Ніякіх перакладаў і працоўных дамоў не прасілі. Заплаціў 10 базавых, 1,5 тыдня — і штамп у пашпарце», — піша адзін з тых, хто зрабіў ужо сабе дакумент.

Многіх цікавіць, што тады рабіць з маёмасцю ў Беларусі, колькі машын і якіх увезці дазволяць.

Што гэта такое?

Беларусы, якія маюць ДНЖ у іншых краінах або другое грамадзянства, могуць прайсці пэўную адміністрацыйную працэдуру, якую ў народзе называюць атрыманнем «пашпарта РР».

Раней беларускія грамадзяне, якія афіцыйна з’ехалі на ПМЖ у іншую краіну, атрымлівалі пашпарт адмысловай серыі РР. Апошнія некалькі гадоў пашпарты серыі РР не выдаюць, замест гэтага ставяць штампы ў звычайны пашпарт.

Тым не менш, працэдура афіцыйнага адбыцця на ПМЖ і пастаноўкі на консульскі ўлік дагэтуль называецца афармленнем «пашпарта РР».

Каму і навошта гэта трэба?

Часцей за ўсё «пашпарт РР» робяць для таго, каб мець магчымасць ездзіць у Беларусь на аўто з еўрапейскай рэгістрацыяй на правах замежнікаў — то-бок не пакідаючы залог (фінгарантыю) у памеры 100% мытнай пошліны за аўто.

Беларускія дальнабойшчыкі ж робяць гэта найперш праз тое, што аўтамабілі ў Еўропе каштуюць танней (асабліва ўзроставыя), а на еўрапейскіх нумарах можна ездзіць без якіх-небудзь абмежаванняў па ўсёй Еўропе.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Што яшчэ дае афіцыйны ад’езд на ПМЖ?

Вось што змяняе атрыманне «пашпарта РР»:

Рэч у тым, што беларусы, якія афіцыйна адбылі на ПМЖ у іншыя краіны, пры вяртанні на радзіму маюць права ўвозіць замежную маёмасць як асабістыя рэчы — то-бок без аплаты мытных пошлін.

Такім чынам дальнабойшчыкі нярэдка карыстаюцца такой працэдурай не толькі дзеля таго, каб ездзіць на аўто з польскай ці літоўскай рэгістрацыяй, але і каб пасля прывезці машыну ў Беларусь і паставіць ужо на беларускі ўлік.

Праўда, для гэтага трэба, каб машына за мяжой была аформлена на вас не менш чым 6 месяцаў да вяртання з ПМЖ на радзіму.

Але спіс рэчаў, якія можна такім чынам прывесці ў Беларусь без сплаты мыта, машынай не абмяжоўваецца. У такім жа парадку можна прывезці тэлевізар, пралку, халадзільнік і гэтак далей па спісе.

І яшчэ адзін важны момант для тых, хто сапраўды вяртаецца назад, а не робіць «пашпарт РР» дзеля аўто — такі чалавек можа правозіць свае рэчы без абмежаванняў па кошце і вазе.

У іншым выпадку чалавек, які не стаў на консульскі ўлік за мяжой, можа хоць 20 гадоў пражыць у іншай краіне, але ўвозіць асабістыя рэчы ў Беларусь зможа толькі на стандартных умовах, як і звычайныя падарожнікі.

Мінусы таксама ёсць

Апроч пэўных пераваг, уладальнікі так званых «пашпартоў РР» атрымліваюць шэраг мінусаў. 

Праз тое, што ў чалавека няма беларускай прапіскі ён не зможа прадаваць нерухомасць ці аўто, не зрабіўшы часовую рэгістрацыю. Пры гэтым быць часова зарэгістраваным, калі маеш «пашпарт РР», можна не больш за 6 месяцаў у годзе. 

Іншы больш важны мінус — такія людзі страчваюць права бясплатна атрымліваць медыцынскае абслугоўванне ў Беларусі. 

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Як атрымаць «пашпарт РР»

Яшчэ раз акрэслім, што новы пашпарт у консульстве не выдадуць — ставіцца толькі штамп у існуючы (таму вырашыць праблему з пашпартам, тэрмін дзеяння якога сканчваецца, гэта не дапаможа).

Афіцыйна адбыць на ПМЖ можна двума спосабамі. Першы, больш хуткі і танны, — рабіць гэта ў Беларусі.

Для гэтага трэба ісці ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі (у народзе — пашпартны стол). Там заяўніку даюць памятку, што трэба зрабіць.

Па-першае — аплаціць пошліну ў памеры 10 базавых велічынь (дзецям да 14 гадоў — бясплатна). Таксама спатрэбяцца сам пашпарт, пасведчанне аб нараджэнні, аб шлюбе, аб нараджэнні дзяцей да 18 гадоў, вайсковы білет (пры яго наяўнасці), анкета, паведамленне аб наяўнасці замежнага дакумента і папка-сшывальнік.

Далей трэба чакаць месяц, пакуль па вас правядуць праверку на прадмет наяўнасці запазычанасцей. Таксама нельга мець адкрытае ІП.

У выпадку станоўчага выніку праверкі вам у пашпарт паставяць штамп аб ануляванні рэгістрацыі па месцы жыхарства і штамп аб дазволе на выезд на ПМЖ.

Апошні, ужо трэці штамп — аб пастаноўцы на пастаянны консульскі ўлік — трэба ставіць у пашпарт ужо за мяжой. Кошт паслугі 10 еўра.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Прайсці працэдуру адбыцця на ПМЖ можна і з-за мяжы. Праўда, гэта нашмат даўжэй і даражэй.

Калі, напрыклад, браць Польшчу і Літву, то запісацца ў амбасаду можна прыблізна праз 10 месяцаў. Сама працэдура каштуе 200 еўра замест 10 базавых, а тэрмін разгляду займае да 4 месяцаў замест 1 месяца ў Беларусі. То-бок агулам спатрэбіцца больш за адзін год.

З такім наборам штампаў можна ездзіць у Беларусь на аўто з замежнай рэгістрацыяй, а па вяртанні назад (не раней чым праз 6 месяцаў) увозіць у Беларусь асабістыя рэчы (у тым ліку аўто) без аплаты мытных пошлін і абмежаванняў па кошце і вазе.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула