У пратэстах у Іране загінулі 35 чалавек, больш за 1200 арыштаваныя
У Іране за дзевяць дзён бесперапынных вулічных пратэстаў загінулі як мінімум 35 чалавек, а больш за 1200 дэманстрантаў былі арыштаваныя, паведамляе Deutsche Welle са спасылкай на праваабарончую арганізацыю Human Rights Activists in Iran і яе медыясетку HRANA.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Fatemeh Bahrami / Anadolu via Getty Images
Пратэсты ў Іране, якія пачаліся напрыканцы снежня, адбыліся як мінімум у 88 гарадах — у 27 з 31 правінцыі краіны. На пэўным этапе іранскія сілавыя структуры пачалі ўжываць сілу супраць дэманстрантаў, асабліва падчас акцый у невялікіх населеных пунктах, адзначаюць праваабаронцы.
Такія дзеянні справакавалі новую хвалю пратэстаў у буйных гарадах, у тым ліку ў Мешхедзе і сталіцы Ірана — Тэгеране. Да дэманстрацый далучыліся студэнты як мінімум 17 вышэйшых навучальных устаноў па ўсёй краіне.
У адказ, паводле студэнцкіх СМІ, сілавікі пачалі праводзіць рэйды на тэрыторыях кампусаў. У цэлым пратэсты, што пачаліся ў краіне, сталі самымі масавымі для Ірана з 2022 года, калі нагодай для абурэння грамадзян стала смерць 22‑гадовай Махсі Аміні пасля яе затрымання «паліцыяй нораваў».
Іран прыгразіў не праяўляць паблажлівасці да пратэстоўцаў
Сярод 35 загінулых падчас масавых пратэстаў у Іране 29 — пратэстоўцы, чацвёра — дзеці, яшчэ двое — супрацоўнікі сіл бяспекі, паведамляюць праваабаронцы.
Раней іранскія дзяржаўныя СМІ пісалі як мінімум пра адзін такі магчымы выпадак: падчас дэманстрацыі ў горадзе Кухдэшт быў забіты 21‑гадовы ўдзельнік ваенізаванага фармавання «Басідж», якое падпарадкоўваецца Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КВІР).
Паводле звестак СМІ, сілавікі спрабавалі ўжыць зброю для разгону акцыі ў Кухдэшце. У адказ пратэстоўцы пачалі кідаць камяні, што магло стаць прычынай гібелі чальца «Басіджа».
5 студзеня прадстаўніцтва судовай сістэмы Ісламскай Рэспублікі Іран заявіла, што да арыштаваных падчас пратэсных акцый не будуць праяўляць паблажлівасці. Пры гэтым у Іране ў 2025 годзе былі пакараныя смерцю амаль дзве тысячы чалавек — у два разы больш, чым годам раней. 86‑гадовы аятала Алі Хаменеі плануе пакінуць Тэгеран, калі ўбачыць, што армія і сілы бяспекі перастануць выконваць загады і пяройдуць на бок пратэстоўцаў, раней паведаміла брытанская газета The Times са спасылкай на выведку Вялікабрытаніі.
Так званы «план Б», які прадугледжвае ўцёкі з краіны, прызначаны для Хаменеі і яго блізкага атачэння, уключаючы яго сына і меркаванага спадкаемцу Маджтабу, паведаміла крыніца выдання.
Былы супрацоўнік ізраільскай разведкі Бені Сабці, які ўцёк з Ірана пасля ісламскай рэвалюцыі, лічыць, што Хаменеі можа з’ехаць у Маскву, бо «іншага месца для яго няма». У якасці прыкладу ён прыводзіць уцёкі сірыйскага лідара Башара Асада ў Маскву непасрэдна перад захопам Дамаска паўстанцамі.
Масавыя пратэсты ў Іране працягваюцца з 28 снежня. Яны пачаліся на галоўным гарадскім базары Тэгерана, дзе ўладальнікі многіх крам зачынілі свае гандлёвыя пункты ў знак пратэсту супраць гіперінфляцыі і рэзкіх ваганняў цэн, адзначае AFP. 29 снежня курс рыяла — іранскай нацыянальнай валюты — упаў да новага рэкорднага мінімуму (адзін рыял быў роўны прыкладна 0,00002 еўра). А ў кастрычніку, паводле звестак Сусветнага банка, харчовая інфляцыя ў Іране склала 64,2% — па гэтым паказчыку краіну ў антырэйтынгу апярэдзіў толькі Паўднёвы Судан.