БЕЛ Ł РУС

Пад Валожынам на продаж выставілі прыбіральню-шпакоўню. Просяць 2280 рублёў

6.01.2026 / 13:55

Nashaniva.com

Для ўдзелу ў аўкцыёне неабходна ўнесці задатак 228 рублёў.

Мінскі абласны цэнтр інвестыцый і прыватызацыі абвясціў аб правядзенні аўкцыёну па продажы маёмасці ААТ «ПМК-188» Валожынскага раёна, якая знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі, піша «Мінская праўда».

У тым ліку на таргі выстаўлены лот № 3 — прыбіральня плошчай 1,4 квадратнага метра, размешчаная ў Валожыне на вуліцы Пушкіна. Аб’ект знаходзіцца на зямельным участку плошчай больш за 4,4 гектара, пры гэтым новаму ўладальніку будзе выдзелена доля ў праве на зямлю для абслугоўвання нерухомасці.

Пачатковы кошт аб’екта з улікам ПДВ складае 2 280 рублёў. Для ўдзелу ў аўкцыёне неабходна ўнесці задатак 228 рублёў, што адпавядае 10 % ад пачатковай цаны.

Таргі адбудуцца 14 студзеня ў 12:00 у Мінску па адрасе: вул. Чкалава, 5. Заяўкі на ўдзел прымаюцца да 10 студзеня ўключна.

Пераможцам прызнаюць удзельніка, які прапануе максімальную цану, альбо адзінага ўдзельніка, што пагодзіцца набыць лот па цане, павялічанай на 5 %.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула