БЕЛ Ł РУС

Супрацоўнік іміграцыйнай службы ЗША застрэліў жанчыну ў Мінеапалісе

8.01.2026 / 8:26

Nashaniva.com

Супрацоўнік Іміграцыйнай і мытнай паліцыі ЗША (ICE) застрэліў жанчыну ў Мінеапалісе, штат Мінесота, якая, як сцвярджаюць амерыканскія ўлады, спрабавала тараніць патруль ICE на сваім аўтамабілі, пiша Бі-бі-сі.

У ведамстве паводзіны ахвяры назвалі актам «унутранага тэрарызму», а рэакцыю патруля — самаабаронай.

Інцыдэнт адбыўся падчас пратэстнай акцыі супраць дзеянняў ICE па забеспячэнні выканання іміграцыйнага заканадаўства, паведамляюць мясцовыя СМІ.

«Спроба пераехаць нашых супрацоўнікаў праваахоўных органаў з мэтай іх забойства — акт унутранага тэрарызму», — заявіла Міністэрства ўнутранай бяспекі, якое кіруе ICE.

«Супрацоўнік ICE, баючыся за сваё жыццё, жыццё сваіх калег-супрацоўнікаў праваахоўных органаў і бяспеку насельніцтва, зрабіў стрэлы ў мэтах самаабароны», — таксама гаворыцца ў заяве.

Паводле дадзеных тэлеканала CBS — медыя-партнёра Бі-бі-сі, забітая — 37‑гадовая паэтэса Рэнэ Гуд, грамадзянка ЗША і мясцовая жыхарка.

Мэр Мінеапаліса Джэйкаб Фрэй рэзка раскрытыкаваў заяву федэральных уладаў, асабліва тую частку, у якой стральба была ахарактарызавана як акт самаабароны, назваўшы гэтую версію «смеццевым наратывам».

Між тым у Міністэрстве ўнутранай бяспекі сцвярджаюць, што сярод супрацоўнікаў ICE ёсць пацярпелыя, якія, як сказана ў заяве, «поўнасцю адновяцца».

Колькі супрацоўнікаў службы пацярпела і якія менавіта траўмы яны атрымалі, пакуль невядома.

Па словах начальніка паліцыі Мінеапаліса Браяна О'Хара, жанчына знаходзілася ў аўтамабілі, які перакрываў праезную частку. У нейкі момант, сказаў О'Хара, да яе падышоў супрацоўнік ICE, пасля чаго аўтамабіль пачаў з'язджаць, а затым прагучалі як мінімум два стрэлы.

Паведамляецца, што стральба адбылася на скрыжаванні 34‑й вуліцы і Портленд-авеню ў Мінеапалісе.

У некаторых гарадах Мінесоты ў сераду прайшлі бурныя пратэсты супраць мер па забеспячэнні выканання іміграцыйнага заканадаўства, якія праводзяцца адміністрацыяй Трампа і накіраваны на арышты і дэпартацыю нелегальных мігрантаў.

Як паказала мясцовае аддзяленне тэлеканала CBS, супрацоўнікі ICE ўжывалі перцавыя балончыкі і раштурхоўвалі пратэстоўцаў.

Супрацоўнікі канала сцвярджаюць, што відэа інцыдэнту са стральбой распаўсюджваецца сярод мясцовых жыхароў, і адзін з яго рэпарцёраў бачыў гэты ролік.

«Немагчыма ўявіць, каб гэтая жанчына заслужыла смерць за свае дзеянні», — сказаў адзін з відавочцаў тэлеканалу.

Міністр унутранай бяспекі ЗША Крысці Ноэм, якая прыляцела ў Мінеапаліс, выклала афіцыйную версію падзей, якія прывялі да стральбы. Паводле яе слоў, супрацоўнікі ICE вярталіся ў офіс пасля завяршэння аперацыі, калі адзін з іх аўтамабіляў затрымаўся ў снезе.

Агенты спрабавалі выштурхнуць машыну, калі вакол іх сабралася група пратэстоўцаў, якія, па словах міністра, сачылі за супрацоўнікамі на працягу ўсяго дня і спрабавалі заблакаваць іх перамяшчэнне.

Па версіі Ноэм, жанчына, якую застрэлілі, «ператварыла свой аўтамабіль у зброю» і накіравала яго на супрацоўнікаў з мэтай «забіць» іх.

Ноэм заявіла, што адзін з агентаў быў збіты гэтай жанчынай, дадаўшы, што раней ён ужо трапляў пад машыну ў інцыдэнце ў чэрвені. Яна назвала агента, які адкрыў агонь, «вопытным» супрацоўнікам, які дзейнічаў у рамках «самаабароны».

Таксама Ноэм паведаміла, што будзе праведзена расследаванне ФБР і што аперацыі ICE працягнуцца.

Губернатар штата і мэр горада — супраць Трампа

Губернатар амерыканскага штата Мінесота Цім Уолз абвінаваціў іміграцыйную палітыку адміністрацыі Дональда Трампа ў тым, што яна накіравана на стварэнне атмасферы страху і гучных загалоўкаў у СМІ. Гэта заява прагучала пасля таго, як федэральны агент ЗША застрэліў жанчыну.

Паводле яго слоў, штату не патрэбна дадатковая «дапамога» з Вашынгтона ў забеспячэнні парадку. Уолз абвясціў, што гатовы задзейнічаць Нацыянальную гвардыю Мінесоты.

Раней мэр Мінеапаліса Джэйкаб Фрэй заклікаў федэральных іміграцыйных афіцэраў пакінуць горад.

Трагедыя ў Мінесоце стала рэзкай эскалацыяй на фоне чарговай хвалі іміграцыйных аперацый па ўсёй тэрыторыі ЗША.

Пасля ўступлення на пасаду ў другі раз Трамп санкцыянаваў адпраўку сотняў вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі і супрацоўнікаў ICE у розныя гарады ЗША, каб, па яго словах, справіцца з «злачыннасцю, што выйшла з-пад кантролю».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула