Медалямі ўзнагароджаныя Валэнса, Ландсбергіс, Лосік, Дуліна, Мелказёраў
Аб'яднаны пераходны кабінет Беларусі узнагародзіў медалямі дзевяць выбітных асоб.
АПКБ прыняў рашэнне пра новае ўзнагароджванне медалямі «За плённую працу на карысць Беларусі», «Няскораных» (Ларысы Геніюш) і Крыжом Дабрасуседства.
Лаўрэаты намінаваліся грамадскімі арганізацыямі і актывістамі і былі ўхваленыя Камісіяй па ўзнагародах пры АПКБ. Адпаведная пастанова падпісаная 7 студзеня кіраўніцай Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Святланай Ціханоўскай.
Кабінет пастанавіў:
Узнагародзіць медалём «За плённую працу на карысць Беларусі»:
Яраслава Чарнагора — украінскага даследчыка і аналітыка, аднаго з арганізатараў беларуска-украінскага форуму імя К. Астрожскага ў 2022‑25 гг.
Русціса Камунтавічуса — літоўскага гісторыка, сузаснавальніка Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі.
Інга Пэтца — нямецкага журналіста і пісьменніка, які спецыялізуецца на беларускай культуры, кіраўніка рэдакцыі па Беларусі анлайн-партала dekoder.org.
Мікіту Мелказёрава — беларускага журналіста, блогера, інтэрв’юера.
Медалём «Няскораных» (Ларысы Геніюш) за асабістую адвагу, стойкасць і ахвярнасць у дзейнасці на карысць прасоўвання ідэалаў дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі:
Наталлю Дуліну — беларускую лінгвістку, перакладчыцу з італьянскай мовы.
Уладзіміра Лабковіча — беларускага праваабаронцу, юрыста праваабарончага цэнтра «Вясна», каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Ігара Лосіка — беларускага блогера.
Крыжом Добрасуседства за развіццё публічнай дыпламатыі і пашырэнне дыялогу паміж беларускім і іншымі народамі наступных грамадзян:
Леха Валенсу — польскага дзяржаўнага дзеяча і прафсаюзнага актывіста.
Вітаўтаса Ландсбергіса — літоўскага палітыка, дзяржаўнага і грамадскага дзеяча.
Таксама дзве асобы будуць узнагароджаныя непублічна.