БЕЛ Ł РУС

Урад Нікарагуа заявіў пра вызваленне зняволеных пад ціскам ЗША

11.01.2026 / 8:22

Nashaniva.com

Міністэрства ўнутраных спраў Нікарагуа заявіла ў суботу, што краіна вызваліць дзясяткі зняволеных. Гэта адбываецца на фоне ўзмацнення ціску Злучаных Штатаў на прэзідэнта Даніэля Артэгу праз тыдзень пасля звяржэння былога лідара Венесуэлы Нікаласа Мадура, піша AP.

Прэзідэнт Нікарагуа Даніэль Артэга махае рукой пасля ўдзелу ў цырымоніі прысягі прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадура на трэці тэрмін у Нацыянальнай асамблеі ў Каракасе ў пятніцу, 10 студзеня 2025 г. Фота: AP Photo / Matias Delacroix

У пятніцу амбасада ЗША ў Нікарагуа адзначыла, што Венесуэла зрабіла важны крок да міру, вызваліўшы палітычных зняволеных. Разам з тым дыпламаты выказалі жаль, што ў Нікарагуа «больш за 60 чалавек застаюцца несправядліва затрыманымі або зніклымі без вестак, сярод іх — пастары, рэлігійныя дзеячы, хворыя і людзі сталага веку».

У суботу Міністэрства ўнутраных спраў Нікарагуа паведаміла ў афіцыйнай заяве, што «дзясяткі асоб, якія знаходзіліся ў Нацыянальнай пенітэнцыярнай сістэме, вяртаюцца ў свае дамы і сем'і».

Пакуль да канца не зразумела, хто менавіта быў вызвалены і на якіх умовах.

Улады краіны праводзяць пастаянныя рэпрэсіі пасля масавых пратэстаў 2018 года, якія былі жорстка падаўлены.

Рэжым знявольваў апанентаў, рэлігійных лідараў, журналістаў і іншых актывістаў, пасля чаго адпраўляў іх у выгнанне, пазбаўляючы сотні людзей маёмасці і нікарагуанскага грамадзянства.

З 2018 года ў краіне было закрыта больш за 5000 арганізацый, пераважна рэлігійных, што вымусіла тысячы людзей пакінуць радзіму.

Урад Нікарагуа часта абвінавачвае крытыкаў і апанентаў у змове супраць дзяржаўнай улады.

У апошнія гады афіцыйны Манагуа вызваліў сотні зняволеных палітычных апанентаў і актывістаў, аднак адначасова пазбавіў іх грамадзянства і выслаў у іншыя краіны, у прыватнасці ў ЗША і Гватэмалу. Назіральнікі назвалі гэта спробай «умыць рукі» ад апазіцыі і нівеліраваць міжнародную крытыку ў галіне правоў чалавека. Многія з гэтых нікарагуанцаў апынуліся ў стане апатрыдызму (адсутнасці грамадзянства).

У суботу ў сацыяльнай сетцы X Бюро па справах Заходняга паўшар'я Дзярждэпартамента ЗША зноў выступіла з крытыкай у адрас урада Нікарагуа. «Нікарагуанцы галасавалі за прэзідэнта ў 2006 годзе, а не за нелегітымную пажыццёвую дынастыю», — гаворыцца ў паведамленні. 

Дані Рамірэс-Аердыс, выканаўчы сакратар нікарагуанскай праваабарончай арганізацыі CADILH, прызнаўся, што навіна пра вызваленне выклікала ў яго неадназначныя пачуцці. «З аднаго боку, я рады. Кожны палітычны зняволены цярпіць тую ці іншую форму катаванняў. Але з іншага боку, я ведаю, што гэтыя людзі і іх сем'і будуць і далей падвяргацца пераследу, сачэнню і паліцэйскаму кантролю».

Рамірэс-Аердыс адзначыў, што вызваленне зняволеных з'яўляецца рэакцыяй на ціск з боку Злучаных Штатаў.

«Унутры рэжыму напэўна існуе вялікі страх, што ЗША могуць цалкам дэмантаваць яго», — падсумаваў ён.

Тым часам, у Венесуэле адпушчаныя на волю яшчэ дзевяць палітвязняў. Колькасць вызваленых палітвязняў у Венесуэле вырасла да 18 чалавек, паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на праваабарончыя арганізацыі.

Паводле ацэнак праваабарончай арганізацыі Foro Penal, у Венесуэле налічваецца 811 палітычных зняволеных. 

Чытайце таксама:

«Хатняя гаспадыня», якая стала прэзідэнткай, але не змагла змяніць Нікарагуа 

Два гады таму ЗША прыслалі самалёт і забралі ў дыктатара Нікарагуа 222 палітвязняў. Што з імі адбывалася далей?

Каментары да артыкула