Фядута: Булгакаў і Ахматава зразумелі б, чаму ва Украіне зносяць помнікі ім
«Ведаеце, людзі, якія гінуць ва Украіне — яны каштуюць больш за помнікі».
Аляксандр Фядута адказвае на пытанні аўдыторыі падчас сустрэчы ў парафіі Cвятога Аляксандра. Варшава, 27 снежня 2025 года. Фота: «Белсат»
У Аляксандра Фядуты, былога палітвязня і вядомага пушкініста, у інтэрв’ю «Радыё Свабода» пацікавіліся, як змянілася ягонае стаўленне да рускай культуры пасля пачатку вайны.
«Адна з першых навін, якую я атрымаў, ужо калі знаходзіўся ў Польшчы, — гэта тое, што ў Кіеве (…) пачынаюць зносіць помнікі Булгакаву, Ганне Ахматавай», — расказаў былы палітвязень.
Фядута напісаў сваёй сяброўцы ў Кіеве, што пазіцыю адносна Булгакава можа зразумець, бо раман пісьменніка «Белая гвардыя» сапраўды антыўкраінскі. А вось Ахматаву ён лічыць ахвярай савецкага рэжыму. На што атрымаў адказ:
«Сёння ўначы ў Кіеве загінулі чатыры чалавекі. Давайце спачатку спынім вайну, а пасля будзем разбірацца з жанчынамі, якія пацярпелі ад савецкай улады».
Фядута падкрэслівае: пасля гэтага ў яго не было ніякіх пытанняў, нягледзячы на тое, што абодвух пісьменнікаў ён любіць.
Яшчэ адзін эпізод, які згадаў літаратуразнаўца, тычыцца ягонага сябра з Кіева, вымушанага спальваць кнігі і ноты, каб абагрэць дом. Фядута напісаў яму: «Віця, ты спаліў паперу, музыка ж засталася».
«Стаўленне да культуры — гэта не стаўленне да Пуціна. Тыя людзі, помнікі якім зносяць сёння ў Кіеве, яны не сказалі б ні слова, разумеючы, што іх краіна вядзе вайну, і гэтая вайна не з'яўляецца справядлівай. Я думаю, што і Булгакаў бы ўсё зразумеў, і Ахматава б усё зразумела. Гэта людзі, якія сапраўды былі носьбітамі культуры», — выказаў сваё меркаванне Фядута.
Ён заклікае адрозніваць стаўленне да культуры ад стаўлення да ўлады, якая распачала вайну:
«Давайце адрозніваць адно ад другога. І давайце адрозніваць знак імперскасці (як зараз прынята казаць, а насамрэч знак сапраўды распаўсюджвання ў свеце той ці іншай краіны) ад сапраўднага чытання, слухання музыкі, візіту ў тэатр альбо ў кіно, да жывапісу. Давайце адрозніваць».
Былы палітвязень даводзіць, што вымушаны пагадзіцца з выразам «калі страляюць пушкі, музы маўчаць», бо кожны дзень даведваецца пра тое, колькі людзей гіне ва Украіне.
«Ведаеце, тыя людзі, якія гінуць — яны каштуюць больш за помнікі», — падсумоўвае Аляксандр Фядута.