БЕЛ Ł РУС

У Расіі 10 гадоў рабілі сваю віягру і так не змаглі стварыць

15.01.2026 / 11:47

Nashaniva.com

У Расіі выдаткавалі каля 1 млрд рублёў (11 млн еўра) з федэральнага бюджэту на распрацоўку айчынных лекаў ад імпатэнцыі, але так і не атрымалі выніку. Гэта вынікае з дакладу Падліковай палаты, піша The Moscow Times.

Паводле звестак ведамства, праект, які вёў Навуковы цэнтр біямедыцынскіх тэхналогій Федэральнага медыка-біялагічнага агенцтва, атрымліваў фінансаванне з 2017 да 2025 года.

Ён быў накіраваны на вывучэнне прыродных уласцівасцяў мускусу кабаргі — сакрэту пахучай залозы аленя — і стварэнне новых прэпаратаў на яго аснове, сярод іншага, лекаў для карэкцыі эрэктыльнай дысфункцыі, павышэння працаздольнасці, лячэння чэрапна-мазгавых траўм ды ішэмічнага інсульту.

У межах праекта меркавалася пабудаваць гадавальнік для развядзення і ўтрымання кабаргі ў Горна-Алтайску, а таксама лабараторыю ў Краснагорскім раёне Падмаскоўя.

Першапачаткова планавалася, што выпуск гатовай прадукцыі пачнецца ў 2020 годзе, але тэрміны пастаянна пераносіліся.

Так, гадавальнік увялі ў эксплуатацыю толькі ў чэрвені 2024-га, а будаўніцтва лабараторыі, дзе павінны былі распрацоўваць лекі, дагэтуль не закончылі. Пры гэтым прэпарат «Мускуліў» для лячэння імпатэнцыі распрацоўваўся з выкарыстаннем сыравіны, закупленай на рынку, а не атрыманай у гадавальніку. У сваю чаргу клінічныя даследаванні праводзіліся ў прыватных медустановах замест дзяржаўных.

У выніку Навуковы цэнтр біямедыцынскіх тэхналогій так і не стварыў замкнёны цыкл вытворчасці айчынных прэпаратаў з мускуса кабаргі. А замест лекаў выпусціў БАДы. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула