Расія і Украіна дамовіліся пра лакальнае перамір'е каля Запарожскай АЭС
Міжнароднае агенцтва па атамнай энергетыцы (МАГАТЭ) паведаміла, што Расія і Украіна пагадзіліся на абмежаванае лакальнае спыненне агню каля Запарожскай атамнай электрастанцыі. Гэта неабходна, каб адрамантаваць апошнюю рэзервовую лінію электразабеспячэння станцыі, заявіў генеральны дырэктар агенцтва Рафаэль Гросі.
Запарожская АЭС. Фота: Wikimedia Commons
Рэзервовая лінія напружаннем 330 кВ была пашкоджаная 2 студзеня падчас баявых дзеянняў. З таго часу Запарожская АЭС працуе толькі за кошт асноўнай лініі 750 кВ. Украінскія энергетыкі плануюць пачаць рамонт у найбліжэйшы час, а місія МАГАТЭ ўжо накіравалася ў прыфрантавую зону, каб назіраць за працэсам.
На самой Запарожскай станцыі спецыялісты праверылі падрыхтаванасць да зімы: сістэмы абароны ад замярзання вады ў басейнах з адпрацаваным палівам і дызель-генератары знаходзяцца ў спраўным стане. Маніторынг сітуацыі працягваецца.
МАГАТЭ таксама адзначае, што за апошні тыдзень ва Украіне адбылося некалькі выпадкаў, калі ваенныя дзеянні негатыўна паўплывалі на працу атамных станцый. Адна з дзейных АЭС нават была вымушаная часова зменшыць вытворчасць электраэнергіі з-за пашкоджання электраінфраструктуры.
Паводле даных МАГАТЭ, цягам апошняга тыдня на ўсіх пяці ўкраінскіх АЭС фіксаваліся альбо баявыя дзеянні, альбо паветраныя трывогі. Побач з Чарнобыльскай і Хмяльніцкай станцыямі назіраліся вайсковыя аб’екты, каля Запарожскай АЭС чуваць выбухі, а каля Паўднёва-Украінскай АЭС амаль штодня аб’яўлялі паветраныя трывогі, у тым ліку быў зафіксаваны вайсковы лятальны апарат на адлегласці каля 10 кіламетраў.
Чытайце таксама:
Абмяркоўваецца лёс Запарожскай АЭС. ЗША там хочуць заняцца майнінгам
Лаўроў заявіў, што Расія адмовіцца перадаць Запарожскую АЭС пад кіраванне ЗША
На Чарнобыльскай АЭС папярэдзілі, што абарончы саркафаг можа не вытрымаць новага расійскага ўдару
МАГАТЭ: Саркафаг на Чарнобыльскай АЭС пасля ўдару беспілотніка страціў асноўныя функцыі бяспекі