БЕЛ Ł РУС

Аварыя на цепламагістралі ў Мінску — жыхары пяці раёнаў могуць застацца з халоднымі батарэямі

19.01.2026 / 8:26

Nashaniva.com

Як паведамляюць энергетыкі, праз пашкоджанне магістральнага трубаправода ў дамах мінчукоў пачала падаць тэмпература, а камунальныя службы перайшлі на аварыйны рэжым працы.

Праблемы з ацяпленнем закранулі Фрунзенскі, Маскоўскі, Цэнтральны, Савецкі і Кастрычніцкі раёны.

У «Мінскэнерга» пацвердзілі факт пашкоджання цепламагістралі, аднак не ўдакладнілі прычыны здарэння. На гэты момант спецыялісты спрабуюць аднавіць тэмпературны і гідраўлічны рэжымы.

Як паведаміла выданню «Точка» чытачка з мікрараёна Каменная Горка, у яе доме ўжо знікла ацяпленне. А яшчэ няма гарачай вады. 

«У чаце таварыства ўласнікаў жылля ўжо лямант. Бацькі з раніцы абмяркоўвалі, ці варта адпраўляць дзяцей у школу», — кажа яна.

«Вось як гэта ўсё назваць: Мінск, раніца 19 студзеня, мінус 17 марозу. Няма ні гарачай вады, ні ацяплення ва ўсім раёне. На ЦЭЦ здарылася аварыя. Такіх маразоў доўгі час даўно ўжо не было».

«Малінаўка! Прачнулася ноччу з-за гуку з батарэй. Батарэі перасталі працаваць. У кватэры холад».

«Фрунзенскі раён і станцыя «Кунцаўшчына» — батарэі амаль халодныя».

«У Сухараве няма гарачай вады і ацяплення. Туман на вуліцы. Аварыя?»

«Малінаўка сядзіць без ацяплення і гарачай вады. У 115 сказалі, што спыненне абсталявання на ЦЭЦ-4», — цытуе сваіх чытачоў Onliner.

З-за прарыву трубаправода на ўчастку вуліцы Акадэміка Карскага абмежаваны рух транспарту па вуліцы Акадэміка Карскага ад перасячэння з вуліцай Школьнай да перасячэння з вуліцай Маршала Лосіка.

Энергетыкі запэўніваюць, што вядуць аднаўленчыя работы ў максімальна магчымым тэмпе.

Па словах начальніка аддзела энергетыкі ўпраўлення гарадской гаспадаркі і энергетыкі Мінгарвыканкама Андрэя Садоўскага, тэмпература ў цепласетках будзе паднятая на працягу некалькіх гадзін.

— У цяперашні момант зроблены пераход на рэзервовыя крыніцы цеплазабеспячэння і падымаецца тэмпература. Пашкоджанне лакалізавана, спецыялісты разбіраюцца ў прычынах адключэння. Падвышаная нагрузка на цеплаправод звязана з высокай тэмпературай цепланосьбіта і нізкімі тэмпературамі вонкавага паветра, — паведаміў ён.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула