Пажылая жанчына ў буфернай зоне на Данбасе папрасіла хлеба праз надпіс на снезе
Украінскія вайскоўцы з дапамогай беспілотніка даставілі хлеб пажылой жанчыне ў горадзе Канстанцінаўка на Данбасе. Яе просьбу пра дапамогу, напісаную проста на снезе, заўважыў аператар разведвальнага дрона 3‑га Луганскага памежнага атрада, піша «Суспільне. Донбас».
Як расказаў 19‑гадовы вайсковец з пазыўным Малюк, падчас палёту дрона ён уважліва аглядаў знятую ім тэрыторыю і ўбачыў надпіс, зроблены рукой бабулі — «Прошу хлеба». Асабліва яго ўразіла тое, што просьба была адрасаваная не ў бок Расіі, а менавіта ўкраінскім вайскоўцам. Ён сфатаграфаваў надпіс, звярнуўся да камандавання і атрымаў дазвол на дапамогу.
Пасля гэтага вайскоўцу выдзелілі дрон са скідам і ён даставіў да дома жанчыны хлеб і печыва. Праз некаторы час на тым жа месцы на снезе з’явіўся новы надпіс — «Спасибо».
Малюк падкрэсліў, што заўсёды будзе рэагаваць на такія сігналы, бо гэта свае людзі, якім неабходна дапамагаць, дзеля іх вайскоўцы і знаходзяцца там.
Ён таксама адзначыў, што жанчыну варта было б эвакуяваць, аднак цяпер гэта немагчыма: Канстанцінаўка стала буфернай зонай, а праз актыўнасць расійскіх беспілотнікаў вываз мірных жыхароў надзвычай небяспечны. Вайсковец прызнаўся, што яму вельмі шкада бабулю, але рэальных магчымасцяў забраць яе адтуль пакуль няма.
Чытайце таксама:
Украінская армія адышла ад Северска
Зяленскі: Украіна ні дэ-факта, ні дэ-юрэ не прызнае Данбас расійскім
Украінцаў спыталі, як яны ставяцца да мірнага плана, які будзе ўключаць вывад войскаў з Данбаса