Зяленскі пракаментаваў запрашэнне Украіны ў Раду міру разам з Беларуссю і Расіяй
Украіна атрымала запрашэнне ў Раду міру ад прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, дыпламаты працуюць над ім, пра гэта заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, адказваючы на пытанні журналістаў.
Уладзімір Зяленскі. Фота: AP Photo / Markus Schreiber
«Запрашэнне мы атрымалі, дыпламаты працуюць над ім. Але Расія — наш вораг, Беларусь — іх саюзнік, складана ўявіць, як мы з РФ можам быць разам у той ці іншай радзе», — перадае РБК-Украіна словы Зяленскага.
Ён таксама заўважыў, што ў цэлым гэта не тычыцца канкрэтна гэтай рады, проста Расія — гэта пра раду вайны, і Беларусь зараз разам з ёю.
«Скажу вам адкрыта, нам трэба выжыць. Мы змагаемся за сваю незалежнасць, за сваю свабоду, за сваё існаванне. У гэтай барацьбе нам патрэбная любая дапамога», — дадаў ён.
15 студзеня Трамп абвясціў аб стварэнні Рады міру для кантролю над пасляваенным кіраваннем Газай. Членства ў арганізацыі разлічана на тры гады, аднак краіны, якія ўнясуць 1 млрд даляраў наяўнымі на працягу першага года, змогуць займаць свае месцы бестэрмінова.
Дональд Трамп накіраваў афіцыйныя запрашэнні лідарам краін свету адносна ўдзелу ў працы Рады міру па сектары Газа. Сярод іх — Расія, Беларусь, Кітай.
Прэзідэнт ЗША хоча, каб цырымонія падпісання адбылася ў Давосе ў чацвер, 22 студзеня, нягледзячы на заклікі некаторых з запрошаных перагледзець умовы працы камісіі.