БЕЛ Ł РУС

У парку жывёл ля Баранавічаў можна паабдымацца з капібарай за 100 рублёў

21.01.2026 / 10:00

Арына Жураўская

У баранавіцкай капібары нават ёсць жаніх. Але яго не могуць прывезці з Паўднёвай Амерыкі, бо вельмі дорага. Затое наведвальнікі парку могуць схадзіць на спатканне з незвычайнай жывёлай.

Фота з інстаграма парку жывёл

Цікавую платную паслугу прапаноўвае парк жывёл, які знаходзіцца ля Баранавічаў, — спатканне з пухнатай зоркай капібарай.

Капібара — самы буйны грызун у свеце. Яе даўжыня цела каля 100—130 сантыметраў, вышыня ў карку — 50—60 сантыметраў, вага звычайна 35—65 кілаграмаў, але буйныя асобіны могуць дасягаць 70—75 кілаграмаў. Каб прасцей было ўявіць: па памеры капібара прыкладна як даволі вялікі сабака, але з больш масіўным целам і кароткімі нагамі.

Каштуе гадзінная сустрэча сто рублёў. За гэтыя грошы на спатканне могуць прыйсці ад аднаго да чатырох чалавек, плюс дадаткова трэба набыць уваходны квіток у сам парк.

Што ж уваходзіць у праграму спаткання? Абяцаюць, што можна будзе спакойна сустрэцца за капібарай без натоўпу побач — пагладзіць яе, пакарміць з рук, пафатаграфавацца.

Такія сустрэчы праводзяць па чатыры разы штодзень.

Дарэчы, у баранавіцкай капібары сапраўды ўсё вельмі сумна ў асабістым жыцці. На сайце парка жывёл пазначана: «Наша пухнатая каралева сталее… і ўсё часцей сумуе, бо ёй патрэбны сябар, кампаньён, які будзе разумець яе з паўпозірку і дзяліць з ёй прысмакі».

Каманда парка жывёл доўга шукала надзейнага сябра для капібары — і такі знайшла прэтэндэнта. Але ж знаходзіцца жаніх ажно ў Паўднёвай Амерыцы. А перавезці яго ў Беларусь каштуе ажно 80 тысяч рублёў.

Цяпер распачаты збор на тое, каб капібара нарэшце атрымала шанец на простае жаночае шчасце. Але пакуль на гэта нічога не заданацілі.

У наведвальнікаў парка ёсць магчымасць бліжэй пазнаёміцца і з іншымі жывёламі. Так, пікнік з ламай каштуе 15 рублёў, альпакатэрапія — 7 рублёў, лемуратэрапія — 20 рублёў.

Чытайце таксама:

У Гродзенскім заапарку найбольш цешацца з зімы жыхары Афрыкі ВІДЭА

«Найлепшае ў жыцці — бачыць, як узлятаюць ці ўцякаюць тыя, каму мы дапамаглі». Беларуска расказала, як ратуе дзікіх жывёл

«Лепш было б яго ўсыпіць». Заолаг расказаў, якая небяспека для Беларусі можа быць ад янота, якога знайшлі мытнікі ў кантэйнеры з ЗША

Ва Уроцлаўскім заапарку маленькі алень напаў на вялізнага насарога ВІДЭА

Каментары да артыкула