Лукашэнка расказаў, чаму не будзе плаціць Трампу мільярд за членства ў Радзе міру
Лукашэнка пасля падпісання дакумента аб прыняцці прапановы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа адносна далучэння да заснаванай апошнім Рады міру патлумачыў, чаму не баіцца, што ў сувязі з гэтым давядзецца несці вялікія матэрыяльныя выдаткі.
Аляксандр Лукашэнка. Фота: Evgenia Novozhenina Pool Photo via AP
Раней Дональд Трамп заяўляў, што калі нейкая краіна хоча быць пастаянным членам Рады міру пад ягоным лідарствам, то мусіць за гэта заплаціць мільярд даляраў. Але Лукашэнку пакуль што хопіць і трох гадоў часовага членства.
З ягоных слоў: «Мільярд патрэбны, калі ты праз тры гады захочаш працаваць».
Зрэшты, ён упэўнены, што і праз тры гады каму-каму, а яму плаціць нічога не давядзецца:
«Але ёсць яшчэ ўмова: калі будзеш добра працаваць, супрацоўнічаць у імя міру, то і без мільярда можаш далей працаваць. Я арыентуюся на другое».
16 студзеня Трамп абвясціў аб стварэнні Рады міру, якая будзе кіраваць аднаўленнем сектара Газа. Пазней стала вядома, што ён запытвае па мільярдзе даляраў ад краін, якія хочуць атрымаць пастаяннае месца ў ёй.
Паводле звестак Bloomberg, Трамп разлічвае, што статут Рады міру падпішуць у гэты чацвер на форуме ў Давосе. Да ўдзелу ў гэтай структуры з пакуль што не да канца зразумелымі функцыямі і паўнамоцтвамі ўжо запрошаныя больш за 50 кіраўнікоў краін, у тым ліку Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Некаторыя палітыкі, як прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, ужо выказаліся адносна ўдзелу ў Радзе міру скептычна, тым больш улічваючы яе меркаваны персанальны склад.
Чытайце таксама:
Трамп збіраецца распаўсюдзіць працу Рады міру на ўсю планету
Макрон у Давосе: Мэта ЗША — аслабіць і падпарадкаваць Еўропу
Стаў вядомы змест ліста лідараў Нарвегіі і Фінляндыі, які выклікаў рэзкую рэакцыю Трампа
Трамп заявіў, што больш не абавязаны думаць пра мір, бо яму не ўручылі Нобелеўскую прэмію міру