Пяткевіч: Да 2030 года ў Беларусі чакаецца ўсплёск нараджальнасці
Урад працуе над мадэрнізацыяй сістэмы дапамогі на догляд дзіцяці, паведаміла намесніца прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч падчас сумеснага пасяджэння дзвюх палат парламента, піша БелТА.
«Зараз урад працуе над мадэрнізацыяй сістэмы дапамог на догляд дзіцяці для таго, каб знізіць рызыкі пагаршэння матэрыяльнага становішча жанчын, якое яны мелі да нараджэння дзіцяці, і забяспечыць годны ўзровень матэрыяльнага дабрабыту нашых мам», — сказала Наталля Пяткевіч.
Гаворачы пра дэмаграфічную сітуацыю, Наталля Пяткевіч адзначыла, што яна характарызуецца цэлым суквеццем дэмаграфічных рызык як аб’ектыўнага, так і суб’ектыўнага характару.
Як і ў большасці краін свету, у Беларусі назіраецца старэнне насельніцтва, зніжэнне інтэнсіўнасці нараджэння першага і другога дзіцяці, змяненне ўзроставай мадэлі нараджальнасці. Ужо гавораць пра так званае адкладзенае мацярынства.
Паводле яе слоў, чакаць усплёску нараджальнасці можна прыкладна да 2030 года, калі бацькамі стане чарговае пакаленне бэбі-буму.