БЕЛ Ł РУС

«Сёння ў кватэры ўжо цяплей, +5». Як Кіеў зноў жыве без ацяплення пасля расійскай атакі

21.01.2026 / 15:44

Nashaniva.com

Кіеў сутыкнуўся з самымі цяжкімі наступствамі новай расійскай атакі ў ноч на аўторак паведаміў Уладзімір Зяленскі. Паводле яго слоў, каля шасці тысяч шматкватэрных дамоў засталіся без цяпла. У частку дамоў, якія зноў пацярпелі, ацяпленне толькі нядаўна вярнулі пасля папярэдняй атакі.

Скрыншот відэа «Настоящее время»

У кватэры Дар’і ацяплення не было каля тыдня. Гэта інтэрв’ю запісвалася ў панядзелак, 19 студзеня. За гадзіну да прыезду здымачнай групы палова батарэй у яе доме пачала працаваць: «Сёння тут ужо цяплей, сёння тут ужо плюс пяць. Учора тут было два градусы». Але ў аўторак святло і ацяпленне зноў зніклі, паведамляе «Настоящее время».

Пра чарговы абстрэл папярэджвалі і ўкраінскі прэзідэнт, і ўкраінская разведка. Пасля першых выбухаў кіяўляне спусціліся ў падвалы і метро.

«Спускаемся, калі плануецца шмат авіяцыі і ракет. Тады спускаемся. Бо мы перажылі прылёт ракеты побач з нашым домам. Таму трывожныя», — расказваюць людзі ва ўкрыцці на станцыі. «Не вельмі часта спускаемся, але сёння напалоханыя. Бо выбухала балістыка, і не адзін раз».

За ноч Расія выпусціла па Украіне ракету «Цыркон», 18 балістычных і 15 крылатых ракет. Большую частку ўкраінская СПА збіла. Уладзімір Зяленскі заявіў, што тое, што адбываецца, — доказ пагарды Расіі да мірных ініцыятыў. Ён дадаў, што наступствы начнога ўдару маглі быць значна горшымі, але ў ўкраінскай СПА было чым абараняцца.

Асноўны ўдар у Кіеве зноў прыйшоўся на ЦЭЦ. Раніцай мэр сталіцы паведаміў: без цяпла апынуліся 5,5 тысячы шматпавярховікаў, амаль 80% з іх — гэта дамы, у якія з такой цяжкасцю вярталі ацяпленне на працягу апошняга тыдня.

Электрыкам, каб правесці рамонтныя работы, даводзіцца прабіваць замерзлую зямлю: «Гэта сапраўдная зіма. Вельмі цяжка прабіцца праз грунт, праз усё — значна цяжэй. Але наша задача — выканаць работу і даць людзям святло».

У высокіх дамах помпы адключаюцца разам са святлом.

«Запусцілі помпы на пастаяннай аснове. Бо пры адключэннях святла помпы выключаюцца і не перапампоўваюць. Два пад’езды «праціснулі». Трэці — не праціскае, ужо маем замарожаныя стаякі. Злівалі сістэму, цяпер падключаем экспертаў», — распавядае кіраўнік кіруючай кампаніі аднаго з дамоў Мікалай Вятровіч.

Генеральны дырэктар энергетычнай кампаніі «Ясна» напісаў, што без цяпла засталася палова жыллёвага фонду сталіцы. На левым беразе Кіева зніклі яшчэ і святло, і вада. Без ацяплення зноў апынулася і Дар’я. Яна вывучае і ўжывае лайфхакі выжывання ў халоднай кватэры. Самы папулярны і бюджэтны цяпер у Кіеве — вогнеўстойлівая цэгла, якую яна награвае ў духоўцы газавай пліты.

«Яны вось так награваюцца, а потым аддаюць цяпло. Туды можна пакласці пракладкі, можна пакласці сабачы абутак, каб ён высах», — паказвае Дар’я.

Дома даводзіцца хадзіць і спаць у цёплым адзенні: «Армейская тэрмабялізна, дзве пары трэкінгавых шкарпэтак, коўдра. Карпацкія коўдры, цёплая гарбата. Сабака пераехаў да мяне пад коўдру, бо ён цёплы».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула