БЕЛ Ł РУС

Пазняк нагадаў, што Калеснікава — «палітычнае нішто», але з разумнай сястрой

29.01.2026 / 00:13

Nashaniva.com

Ветэран беларускага руху Зянон Пазняк даў у фэйсбуку ацэнку апошняй ініцыятыве нядаўна вызваленай палітзняволенай Марыі Калеснікавай і апалчыўся на «папулісцкіх «невераятных».

Зянон Пазняк. Фота: «Наша Ніва»

Напачатку свайго допісу Зянон Пазняк заявіў пра поспехі сваёй уласнай пазіцыі «ў справе вызвалення палітвязняў, адмены эканамічных санкцыяў і сцвярджэння палітычнай суб'ектнасці Беларусі», якія сталі магчымыя дзякуючы «разумнай рацыянальнай палітыцы Прэзідэнта Трампа».

Але гэтыя поспехі выклікалі «адчайную актыўнасць агентуры (і прафанатараў) супраць нашай палітыкі», і «тут нічога новага. Такая ўжо праклятая рэальнасць праклятага часу».

Тым не менш, на думку ветэрана беларускага руху, праявілася тое-сёе і новае, ці забытае старое. І яно звязанае з іменем Марыі Калеснікавай, супраць якой Пазняк неаднаразова рэзка выступаў падчас яе зняволення і не змяніў сваёй пазіцыі цяпер:

«Памятаем гэтае «палітычнае нішто» — Марыю Калеснікаву. (Ізноў жа нагадваю — азначэнне ў палітыцы не датычыць асобы, асаба застаецца сама сабой). І што толькі ні вытваралі папулісты з гэтага прыдуманага палітвобразу. Папулісцкую бурбалку раздзьмухвалі да «невераятных» памераў, плакаты стваралі, з языка не спускалі, суб'екты мужчынскага роду губы чырвонай фарбай фарбавалі (каб быць падобнымі на «Машу»)».

Цяпер, аднак, Калеснікава, нягледзячы на ўласную палітычную нікчэмнасць, знаходзіцца ў іншай сітуацыі. Яна

«відаць, паразмаўляла са сваёй разумнай сястрой Таццянай Хоміч і выдала ў інтэрв'ю тое, за што якраз даўно стаіць Хоміч. Гэта значыць, пра неабходнасць перамоваў з рэжымам дзеля вызвалення палітвязняў — шляхам адмены эканамічных санкцыяў, таксама пра аднаўленне кантактаў жыхароў Беларусі з Еўропай».

Аднак жа ацаніць і прыняць гэту трансфармацыю не кожнаму дадзена: 

«Усе гэтыя папулісцкія «невераятныя», што фарбавалі губы і абагаўлялі Калеснікаву ў турме, зграяй накінуліся на яе і змяшалі з пылам, сталі яе таптаць, вучыць жыць, абурацца, хіхікаць і г. д. Ад фальшывай папулісцкай «невераятнай любві» да фальшывай хамскай нянавісці — адзін крок. Ірацыянальнае і адно, і другое».

Чытайце таксама:

«Для беларускіх уладаў я, хутчэй, магчымасць, а не пагроза». Калеснікава дала вялікае інтэрв’ю Золатавай

Фядута — Калеснікавай: Машанька, ці вярніцеся на Месяц, ці не вучыце жыць тых, хто стаміўся набіваць гузы ад чарговага наступання на граблі

Калеснікава: Я не разумею, чаму Еўропа не пачала перамовы з Лукашэнкам раней за ЗША

Пазняк пра Бабарыку і Калеснікаву: Ніякая турма не пераробіць такіх

Пазняк пра Калеснікаву: Няма адказу на пытанне, навошта з яе ўпарта раскручваюць рэвалюцыянера і лідара

Пазняк: Калеснікава — штучна раздзьмутая асоба, якая адзначылася інфантыльнымі паводзінамі і недалёкімі казаннямі

Пазняк: Калеснікава — поўнае палітычнае нішто

Каментары да артыкула