БЕЛ Ł РУС

У Беларусі прапанавалі абмежаваць продаж аўто, увезеных з-за мяжы

29.01.2026 / 08:27

Nashaniva.com

Беларуская аўтамабільная асацыяцыя (БАА) выступіла з ініцыятывай, накіраванай на барацьбу з камерцыйным імпартам пад выглядам увозу для асабістага карыстання. Асацыяцыя прапанавала ўвесці абмежаванні на перапродаж аўтамабіляў, увезеных у краіну фізічнымі асобамі, піша «Точка». 

У чым сутнасць прапановы

Як растлумачыў кіраўнік БАА Сяргей Варывода, прапанова прадугледжвае ўвядзенне правіла, аналагічнага таму, што дзейнічае ў Расіі.

Плануецца: калі аўтамабіль, увезены фізічнай асобай, прададуць на працягу першага года, з уладальніка будзе спаганяцца павышаны ўтылізацыйны збор, роўны таму, які плацяць камерцыйныя імпарцёры.

На думку асацыяцыі, такая мера дапаможа абмежаваць практыку масавага ўвозу машын пад выглядам асабістага карыстання з мэтай іх наступнага перапродажу.

Чаму пра гэта сталі гаварыць

Статыстыка БАА паказвае такую дынаміку. Восенню 2025 года з 27,2 тыс. аўтамабіляў, увезеных фізічнымі асобамі, 18 тыс. змянілі ўладальніка ў першыя 2—3 месяцы. Эксперты асацыяцыі лічаць, што толькі каля 32% гэтых машын рэальна ўвозіліся для асабістага выкарыстання, астатнія сталі інструментам схаванага камерцыйнага імпарту.

Згодна з данымі, агучанымі дырэктарам «БАА-Кансалт» Дзмітрыем Яротам, імпарт фізічнымі асобамі за мінулы год вырас на 19%, у той час як увоз юрыдычнымі асобамі павялічыўся ўсяго на 1%.

У выніку доля фізічных асоб у структуры імпарту легкавых аўтамабіляў у 2025 годзе дасягнула 59%, перавысіўшы долю юрыдычных асоб (41%).

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула