БЕЛ Ł РУС

У Магілёве правялі паказальны суд за «лайкі» ў «Аднакласніках»

30.01.2026 / 12:30

Nashaniva.com

Суд Ленінскага раёна г. Магілёва 20 студзеня разгледзеў крымінальную справу супраць 45‑гадовага мясцовага жыхара, якога абвінавацілі паводле ч.1 і ч. 2 арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі) за два «лайкі» ў «Аднакласніках» пад допісамі пра Лукашэнку.

Паводле інфармацыі Mayday, судовае пасяджэнне наведаў узвод з 24 выхаванцаў Магілёўскай абласной кадэцкай вучэльні. Суправаджала падлеткаў памочніца старшыні Магілёўскага абласнога суда Іна Драздова. У выніку магілёўцу шляхам паглынання менш строга пакарання больш строгім канчаткова прызначылі два гады «хатняй хіміі».

Па версіі следства, жыхар Магілёва паставіў «лайк» у «Аднакласніках» пад пастом, «што змяшчаў загадзя лжывыя выдумкі ў дачыненні да Лукашэнкі, злучаныя з абвінавачваннем у здзяйсненні асабліва цяжкага злачынства, тым самым размясціўшы пост у вольным доступе для іншых карыстальнікаў сеткі інтэрнэт». Пазней ён зноў паставіў «лайк», але ўжо пад публікацыяй з тэкстам і выявай Лукашэнкі ў групе, прызнанай «экстрэмісцкай». Паводле ведамства, публікацыя «ўтрымлівала загадзя лжывыя выдумкі ў дачыненні да кіраўніка дзяржавы, накіраваныя на фармаванне негатыўнага стэрэатыпа і адмоўнага вобраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

На судовым пасяджэнні мужчына прызнаў сваю віну і шчыра раскаяўся.

Суд Ленінскага раёна г. Магілёва прызнаў яго вінаватым у «паклёпе ў дачыненні да Лукашэнкі» паводле ч. 2 арт. 367 КК і прызначыў два гады абмежавання волі, а паводле ч. 1 арт. 367 КК яму прызначылі пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на адзін год. Шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім канчаткова прызначылі пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў прапраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула