БЕЛ Ł РУС

У Беларусі летась рэкордна знізілася колькасць забойстваў

31.01.2026 / 16:21

Вінцэсь Клепачэня

У цэлым па краіне ўзровень злачыннасці дасягнуў 10‑гадовага мінімуму. Атрымалася знізіць нават кіберзлачыннасць. А з дапамогай сістэмы відэаназірання затрымана ў 10 разоў больш асобаў, якія знаходзіліся ў вышуку, чым у папярэднім годзе.

Па выніках 2025 года ў Беларусі знізіўся ўзровень крыміналізацыі грамадства. Як паведамляе газета «На страже», узровень злачыннасці ў краіне склаў 700 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва. Гэта самы нізкі паказчык за апошнія 10 гадоў.

Візуалізацыя: «На страже»

Сярод рэгіёнаў найменшы ўзровень злачыннасці на 100 тысяч чалавек назіраецца ў Брэсцкай вобласці — 585 выпадкаў. А вось у сталіцы гэты паказчык быў самым высокім — 775 выпадкаў.

Візуалізацыя: «На страже»

У абсалютных велічынях агульная колькасць зарэгістраваных крымінальных дзеянняў за год скарацілася амаль на 10 тысяч, што непасрэдна паўплывала на зніжэнне колькасці пацярпелых грамадзян.

Згодна з міліцэйскай статыстыкай, колькасць злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку скарацілася больш чым на пятую частку (-21,6%). Раскрывальнасць вырасла да 84,2%, а па самых цяжкіх злачынствах (забойствах, цяжкіх траўмах і грабяжах) яна склала 100%.

Пры гэтым колькасць забойстваў у параўнанні з папярэднім годам скарацілася з 175 да 155, згвалтаванняў — з 84 да 69 выпадкаў.

Станоўчая дынаміка назіраецца і ў сферы абароны маёмасці: колькасць крадзяжоў (у тым ліку асабістага транспарту) паменшылася амаль на 20%, а эфэктыўнасць выяўлення злачынцаў у гэтай сферы вырасла да 75,2%.

Важны фактар — далейшае ўкараненне тэхналогій. Рэспубліканская сістэма маніторынгу, якая налічвае больш за 65 тысяч камер відэаназірання, дазволіла выявіць больш за 4 тысячы злачынстваў, што ўдвая перавышае паказчык папярэдняга года.

Фота: minobl_uvd / Telegram

З дапамогай гэтай сістэмы было затрымана каля 7,5 тысяч асоб, якія знаходзіліся ў вышуку (у 2024 годзе — каля 700), і зафіксавана больш за 44 тысячы адміністрацыйных правапарушэнняў (у 2024 годзе — 7,4 тысячы).

Паведамляецца, што ў 2025 годзе таксама атрымалася знізіць кіберзлачыннасць (-5,8%), на якую прыпадае каля 30% усіх зарэгістраваных крымінальных дзеянняў.

Чытайце таксама:

Па ўсёй Беларусі ўсталявалі каля 60 тысяч разумных камер з распазнаваннем твараў

Швецыя зніжае ўзрост крымінальнай адказнасці да 13 гадоў

Следчы камітэт прапанаваў даносіць на былых

Каментары да артыкула