БЕЛ Ł РУС

Кітай забараняе «нябачныя» клямкі ў аўтамабілях

3.02.2026 / 18:22

Антось Жупран

Кітайскія ўлады ўводзяць строгія абмежаванні на выкарыстанне высоўных дзвярных ручак, якія сталі стандартам для сучасных электрамабіляў. Рашэнне прынята на фоне росту занепакоенасці бяспекай. 

Фота: Johannes Neudecker / picture alliance via Getty Images

Паводле новых правіл, распрацаваных Міністэрствам прамысловасці і інфармацыйных тэхналогій Кітая, з наступнага года ўсе новыя аўтамабілі павінны будуць мець як унутраныя, так і вонкавыя дзвярныя ручкі, якія можна адчыніць механічна, у тым ліку ў выпадку аварыі або адключэння электраэнергіі, піша The Wall Street Journal.

Акрамя таго, новыя нормы дакладна вызначаюць месцы размяшчэння клямак унутры і звонку салона, а таксама абавязваюць вытворцаў усталёўваць каля ўнутранай ручкі інфармацыйны знак з інструкцыяй па эксплуатацыі.

Як адзначылі ў міністэрстве, прынятыя меры накіраваныя на тое, каб «павысіць узровень бяспекі пры праектаванні аўтамабіляў».

У апошнія гады папулярнасць высоўных клямак няўхільна расла, асабліва ў сегменце электрамабіляў, багатых на розныя высокатэхналагічныя рашэнні. У ЗША сярод папулярных мадэляў з такой функцыяй значацца машыны маркі Tesla і Hyundai Ioniq. У Кітаі гэтая асаблівасць канструкцыі стала асабліва распаўсюджанай, бо каля паловы новых аўтамабіляў, якія прадаюцца на рынку, электракары або гібрыды.

У адрозненне ад традыцыйных клямак, якія выступаюць над паверхняй дзвярэй і за якія заўсёды можна ўхапіць рукой, высоўная ручка ў сваім звычайным стане «ўтапляецца» ў корпус. Яна выскоквае толькі тады, калі гэта неабходна: альбо аўтаматычна пры набліжэнні ўладальніка з ключом ці смартфонам, альбо пасля націскання на яе ўручную. Аўтавытворцы апраўдвалі выкарыстанне такіх механізмаў жаданнем палепшыць аэрадынамічную эфектыўнасць транспартнага сродку.

Высоўная дзвярная ручка на гібрыдным аўтамабілі Lexus LC 500h. Фота: Marlene Awaad / Bloomberg via Getty Images

Аднак практычны досвед карыстальнікаў паказаў, што гэтая функцыя часта бывае нязручнай ці нават небяспечнай. Паводле даных аналітычнага агенцтва J.D. Power, у 2024 годзе ўладальнікі акумулятарных электрамабіляў скардзіліся на праблемы з клямкамі з частатой 3,1 выпадка на 100 аўтамабіляў, што значна вышэй за паказчык 2020 года, які складаў усяго 0,2 выпадка.

Што тычыцца інтэр’еру, то ў некаторых сучасных мадэлях дзверы адчыняюцца з дапамогай электроннай кнопкі. Многія з гэтых машын маюць і механічны рычаг аварыйнага адкрыцця, аднак ён часта размешчаны так, што застаецца нябачны для пасажыраў. Летась рэгулятар бяспекі дарожнага руху ЗША пачаў расследаванне ў дачыненні да кампаніі Tesla, заявіўшы, што механічны замок аварыйнага адкрыцця ў Tesla Model 3 2022 года выпуску не лёгкадаступны.

Як адзначае выданне, рашэнне кітайскіх уладаў было прынята пасля шэрагу трагічных інцыдэнтаў. Так, у кастрычніку мінулага года аварыя з удзелам Xiaomi SU7 Ultra прывяла да таго, што як мінімум адзін пасажыр аказаўся заблакаваны ў салоне, бо дзверы не ўдалося адчыніць. Гэтая мадэль Xiaomi абсталяваная менавіта высоўнымі ручкамі. Кампанія Xiaomi пакуль не дала афіцыйных каментароў наконт гэтага здарэння.

Для мадэляў аўтамабіляў, якія ўжо прайшлі працэдуру ўхвалення і рыхтуюцца да выхаду на рынак, кітайскія рэгулятары вызначылі крайні тэрмін: вытворцы павінны змяніць канструкцыю клямак да студзеня 2029 года.

Чытайце таксама:

Вось якія мадэлі аўтамабіляў перастаюць выпускаць. Трох асабліва шкада

Як сябе паводзяць электрамабілі ў люты мароз? Спыталі ва ўласнікаў

Эксперты папярэджваюць пра небяспеку кітайскіх аўто

Каментары да артыкула