БЕЛ Ł РУС

Беларусь увайшла ў пяцёрку найбуйнейшых пастаўшчыкоў у Кітай курыных лапак

3.02.2026 / 19:42

Nashaniva.com

Па выніках мінулага года Беларусь увайшла ў пяцёрку найбуйнейшых пастаўшчыкоў курыных лапак на кітайскі рынак. Краіна заняла пятае месца, саступіўшы толькі Расіі, Бразіліі, Тайланду і ЗША, паведамляе расійскае выданне «Ведомости» са спасылкай на звесткі Галоўнага мытнага ўпраўлення Кітая.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com

Паводле статыстыкі, беларускія вытворцы паставілі ў КНР курыных лапак на суму каля 33 мільёнаў даляраў. 

Лідарам экспарту гэтага прадукту стала Расія, якая адправіла ў Кітай курыных лапак амаль на 327 мільёнаў даляраў. Таксама ў пяцёрку ўвайшлі, абагнаўшы Беларусь, Бразілія (326 мільёнаў даляраў), Тайланд (219 мільёнаў) і ЗША (69 мільёнаў).

У кітайскай кулінарнай традыцыі курыныя лапкі лічацца далікатэсам. Іх гатуюць мноствам спосабаў: смажаць у фрыцюры, гатуюць на пары, тушаць у соусе з чорнымі бабамі або марынуюць у рысавым воцаце з імбірам. Падаюць як піўную закуску, халодную страву, дадаюць у супы або робяць асноўнай стравай. Гатовыя лапкі ў вакуумнай упакоўцы — папулярны снэк у супермаркетах, а спецыяльныя закусачныя спецыялізуюцца на іх прыгатаванні нароўні з іншымі далікатэсамі, напрыклад, качынымі лапкамі.

Раней Беларускі расследавальніцкі цэнтр паведамляў, што ў 2024 годзе Беларусь нібыта страціла доступ да кітайскага рынку птушынай прадукцыі, які ацэньваецца на мільярды даляраў. Прычынай стала схема рээкспарту — калі замежныя курыныя лапкі завозіліся ў краіну, перапакоўваліся пад выглядам беларускіх і прадаваліся ў Кітай. Гэта прывяло да вялікага скандалу і поўнай забароны на імпарт з большасці беларускіх птушкафабрык. Аднак, як сведчыць статыстыка, гэтую праблему, калі яна была, удалося хутка вырашыць.

Чытайце таксама:

Беларусы гадамі надурвалі кітайцаў з курынымі лапкамі. Але скончылася гэта кепска

У Расіі пачалі прадаваць беларускія планшэты, падазрона падобныя да кітайскіх

Што думае нашумелы кітайскі чат-бот пра рэжым Лукашэнкі

Каментары да артыкула