БЕЛ Ł РУС

БЧ: Польскія цягнікі не вытрымалі вялікіх маразоў. Але магчыма гэта няпраўда

5.02.2026 / 21:34

Nashaniva.com

Беларуская чыгунка патлумачыла, чаму давялося зняць з маршрутаў камфартабельныя цягнікі польскай кампаніі PESA і замяніць іх на звычайныя саставы з лакаматывам. Польскія дызель-цягнікі, як сцвярджаецца, не змаглі працаваць у ўмовах моцных маразоў, якія ўсталяваліся ў краіне.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Office Life

У БЧ адзначылі, што перад кожным рэйсам цягнікі праходзяць абавязковы тэхнічны агляд, аднак не ўся тэхніка прыстасаваная да вельмі нізкіх тэмператур. Таму рухомы састаў, выраблены ў краінах Еўрасаюза, часова знялі з некаторых папулярных маршрутаў. Змены закранулі напрамкі Мінск — Віцебск і Мінск — Магілёў.

«У сувязі з гэтым з 5 лютага 2026 года дызель-цягнікі вытворчасці польскай кампаніі PESA серыі ДП6 на асобных участках Беларускай чыгункі замененыя на саставы, сфарміраваныя з вагонаў лакаматыўнай цягі. Гэта цягнікі №704/703, №712/711 і №714/713 Мінск — Віцебск — Мінск», — расказалі ў Беларускай чыгунцы.

Пры гэтым у БЧ падкрэслілі, што пасля рамонту гэтыя дызель-цягнікі вернуцца на ранейшыя маршруты.

Цяжка сказаць, ці гэтае тлумачэнне праўдзівае, бо аналагічныя цягнікі ў суседніх краінах пры тых самых маразах выкарыстоўваюцца звычайна. Некаторыя эксперты выказвалі меркаванне, што прычына — у зносе цягнікоў і немагчымасці іх рамонту праз санкцыі.

Адзначаецца таксама, што, нягледзячы на снегапады і маразы, Беларуская чыгунка працуе ў звычайным рэжыме. З 8 студзеня па 2 лютага больш за 21 тысячу чыгуначнікаў задзейнічалі ў ліквідацыі наступстваў неспрыяльнага надвор’я. 

Чытайце таксама:

Сучасныя цягнікі з Мінска ў Віцебск і Магілёў мяняюць на старыя

Начны цягнік з Віцебска спазніўся — пасажыраў у сталіцы засялілі ў гатэль

У Лідзе прадалі ўчастак чыгункі ў прамзоне. Колькі каштавала?

Каментары да артыкула