У Італіі нашэнне нажа без паважнай прычыны можа карацца турмой да трох гадоў
Улады тлумачаць узмацненне жорсткасці ростам вулічнага гвалту, перш за ўсё сярод моладзі.
Урад Італіі на чале з Джорджай Мелоні зацвердзіў новы пакет мер бяспекі. Цяпер нашэнне нажа з лязом даўжынёй больш за восем сантыметраў без паважнай прычыны можа абярнуцца турэмным тэрмінам да трох гадоў, паведамляе Bild.
Улады тлумачаць узмацненне жорсткасці ростам вулічнага гвалту, перш за ўсё сярод моладзі. Падставай для шырокага рэзанансу стаў нядаўні выпадак, калі 18‑гадовага падлетка зарэзаў аднакласнік проста ў школе.
Новыя правілы таксама пашыраюць паўнамоцтвы паліцыі. Сілавікі змогуць затрымліваць людзей, якіх палічаць пагрозай грамадскаму парадку, на тэрмін да 12 гадзін. Паліцэйскім таксама абяцаюць большы прававы імунітэт пры ўжыванні зброі ў мэтах самаабароны.
Гэтыя меры сталі рэакцыяй на жорсткія сутыкненні падчас дэманстрацый: у Турыне ў мінулыя выхадныя пацярпелі больш за 100 супрацоўнікаў паліцыі, а кадры нападаў на іх з дубінкамі і малаткамі разышліся па сацыяльных сетках.
Апазіцыя рэзка крытыкуе ініцыятыву. Дэпутат Анджэла Банэлі заявіў, што прэвентыўныя затрыманні з’яўляюцца «сур’ёзным парушэннем канстытуцыйнага права на дэманстрацыі».